Мікалай Баскаў правядзе адбор маладых выканаўцаў ад Расіі на «Славянскі базар у Віцебску»

16 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Заслужаны артыст Расіі і народны артыст Украіны Мікалай Баскаў правядзе адбор маладых расійскіх выканаўцаў на XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Ён узначаліць журы адборачнага тура конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009". Праслухоўванне патэнцыйных канкурсантаў пройдзе 20 красавіка ў Маскоўскім Доме кампазітараў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы. Кандыдаты выканаюць дзве песні: адну на рускай мове, другую - папулярную эстрадную песню на адной са славянскіх моў. Да ўдзелу ў праслухоўванні дапускаюцца выканаўцы эстраднай песні, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў нацыянальных музычных конкурсах і фестывалях, маюць рэкамендацыі ад дзяржаўных устаноў культуры, прадзюсарскіх цэнтраў, музычных студый, музычных тэле- або радыёпраграм, дырэкцый музычных фестываляў і конкурсаў. Узрост удзельнікаў - ад 18 да 35 гадоў уключна. А 21 красавіка ў Маскоўскім Доме кампазітараў адбудзецца праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у VII дзіцячым музычным конкурсе на "Славянскім базары". Як і дарослыя канкурсанты, дзеці прадставяць дзве песні: адну на рускай, а другую - на адной са славянскіх моў. Узрост удзельнікаў - ад 7 да 12 гадоў уключна. Журы расійскага дзіцячага адборачнага тура ўзначаліць вядомы кампазітар Рыгор Гладкоў.-0-