Мікалай Чаргінец: беларускія пісьменнікі не павінны саромецца таго, што шмат пішуць пра вайну

Николай Чергинец:
белорусские писатели не должны стесняться того, что много пишут о войне
Беларускія пісьменнікі не павінны саромецца таго, што шмат пішуць пра вайну. Такое меркаванне выказаў журналістам пасля сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

Падчас азнаямленчай паездкі па рэгіёнах Віцебскай вобласці каля 30 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі наведалі мемарыяльны комплекс "Шунеўка" ў Докшыцкім раёне.

"Тое, што мы ўбачылі на месцы знішчанай фашыстамі вёскі, літаральна ўскалыхнула і пакінула вельмі моцнае ўражанне. Калі бачыш гэту зямлю, чытаеш прозвішчы загінуўшых людзей, прыходзіць разуменне ўсёй велічыні трагедыі, якую перажыў наш народ. І каб гэтага ніколі не паўтарылася, творчым людзям трэба прачнуцца і з дапамогай слова весці барацьбу са злом", - сказаў Мікалай Чаргінец.

Паводле яго слоў, цяпер ідзе практычна трэцяя сусветная вайна - вайна ідэалогій. На гэтым фронце творчыя людзі адыгрываюць вельмі важную ролю. "Нельга дазволіць перапісаць гісторыю, трэба зноў і зноў вяртацца да ваеннай тэмы, каб захаваць для падрастаючага пакалення праўду пра вайну", - падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі наведвае рэгіёны Віцебскай вобласці. Сёння прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі пабывалі ў мемарыяльным комплексе "Шунеўка" і Бегамльскім музеі баявой славы (Докшыцкі раён). У Віцебскім аблвыканкаме была арганізавана сустрэча з кіраўніцтвам вобласці, а ў бібліятэцы імя М.Горкага на сустрэчу з пісьменнікамі сабраліся работнікі культуры і адукацыі. Пабывалі пісьменнікі і ў Віцебскім медыцынскім універсітэце.

У праграме 14 чэрвеня сустрэча са старшынёй Наваполацкага гарвыканкама Наталляй Качанавай, знаёмства з працай ААТ "Нафтан" і ААТ "Полацкі малочны камбінат", сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі Полацкага раёна, экскурсія па Свята-Еўфрасіннеўскім манастыры.