Першы сольны выступ Мікалая Растаргуева пасля цяжкай аперацыі адбыўся на «Славянскім базары ў Віцебску».
15 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. З першым сольным канцэртам пасля цяжкай аперацыі выступіў напярэдадні познім вечарам на міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" нязменны лідар гурта "Любэ" Мікалай Растаргуеў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Усё пачалося на ўрачыстай ноце. Ужо пяць гадоў запар на віцебскім фестывалі праходзіць Дзень Масквы. Раней расійская сталіца дарыла жыхарам горада на Дзвіне зборную праграму, але сёлета быў падрыхтаваны асаблівы сюрпрыз - сольнае выступленне маскоўскага гурта "Любэ".
Па традыцыі прывітанне фестывалю накіраваў мэр Масквы Юрый Лужкоў, якое зачытаў прадстаўнік урада расійскай сталіцы ў Беларусі Уладзімір Плаксін. У ім маскоўскі гараданачальнік ахарактарызаваў "Славянскі базар у Віцебску" як яркі і ўнікальны форум, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных краін вакол славянскіх культур. "Вагамы ўклад у памнажэнне традыцый фестывалю ўносіць расійская сталіца, - канстатаваў Юрый Лужкоў. - Масква раней, цяпер і ў будучыні мае намер уносіць годны ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва".
А затым на сцэну выйшаў гурт "Любэ". Бурнымі авацыямі сустрэла публіка Мікалая Растаргуева. Да апошняга моманту выступленне гэтага калектыву ў Віцебску было пад пытаннем: у апошнія гады яго лідар быў цяжка хворы, а пару месяцаў таму яму зрабілі аперацыю па перасадцы ныркі. За час, які прайшоў пасля аперацыі, былі толькі адзінкавыя выступленні гурта, і то ў зборных канцэртах. На паўнавартасны сольнік "Любэ" вырашылася ўпершыню.
Гэты калектыў заўсёды адрозніваўся мужнасцю вобраза, цяпер жа асабістая мужнасць спатрэбілася яго салісту. Было заўважна, што вяртанне на сцэну даецца яму з цяжкасцю - выглядаў ён дастаткова хваравіта. Апрануты музыкі былі ў простыя джынсы, кашулі і футболкі, а аб ранейшым ваенізаваным іміджы нагадвала толькі кепка камуфляжнай афарбоўкі на Растаргуеве. "Мы даўно не былі на "Славянскім базары", неяк не складаўся лёс. Мы рады вас бачыць і пастараемся не расчараваць", - сказаў ён, пасля чаго зацягнуў як песні са стажам, так і кампазіцыі са свежага альбома "Свае".
Публіка не была расчаравана і нават з разуменнем паставілася да таго, што саліст перыядычна падглядаў у падрыхтаваныя тэксты. "Новыя песні я яшчэ не памятаю, але гэта прыйдзе з вопытам", - з усмешкай растлумачыў ён.
Развітваючыся з гледачамі, Мікалай Растаргуеў выказаў пажаданне прыязджаць на "Славянскі базар" кожны год. Праўда, журналістам нічога канкрэтнага аб далейшых планах артыста даведацца не ўдалося: фестывальная служба бяспекі пасля канцэрта ўпершыню наглуха заблакавала ўсе службовыя ўваходы, не пускаючы туды нікога. Аднак да прыхільнікаў спявак аднёсся больш прыязна. Выйшаўшы з Летняга амфітэатра, Растаргуеў сфатаграфаваўся з беларускім спецназам. "Любэ" - гэта сіла", - удзячна праскандыравалі вайскоўцы.-0-