Мікалай Шэрснёў: дэпутаты павінны актыўна працаваць у акругах
У нядзелю жыхарам Віцебскай вобласці трэба будзе выбраць 14 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Барацьбу за мандаты вядуць 72 кандыдаты. У 8 гадзін раніцы адчынілі дзверы 768 участкаў для галасавання.
Адным з першых на ўчастак № 46, які размешчаны ў акадэміі ветэрынарнай медыцыны, прагаласаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў. Дарэчы, ён калісьці скончыў менавіта гэты ВНУ. Канкурэнцыя ў Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе высокая: на адно месца прэтэндуюць чатыры кандыдаты. У кабінцы для галасавання старшыня аблвыканкама затрымаўся толькі на некалькі секунд, пасля чаго пад успышкі фотакамер падышоў да празрыстай урны і прагаласаваў.На думку Мікалая Шэрстнёва, кожны павінен знайсці час, каб прыйсці на выбарчы ўчастак:
— Сёння важная палітычная падзея — мы вырашаем, як будзем заўтра жыць, каго абярэм у Парламент, куды павядуць нас гэтыя людзі. Выбіраць, думаю, трэба перш за ўсё па прафесійных якасцях. Бо мы выбіраем лепшых з лепшых — людзей, якія сябе ўжо зарэкамендавалі, і яны павінны быць актыўнымі ў той сферы, у якой будуць задзейнічаны, — у законатворчасці. Другі немалаважны складнік іх дзейнасці — праца ў акругах. Дэпутаты павінны быць там, дзе кіпіць жыццё, дзе праблемы і радасці, там будуць ставіцца задачы, якія яны павінны вырашаць.
У спісах выбаршчыкаў па вобласці амаль 856 тысяч чалавек. Правам на датэрміновае волевыяўленне скарысталіся 38,26% з іх. Для таго, каб кожны грамадзянін змог рэалізаваць сваё права, створаны неабходныя ўмовы. У прыватнасці, улічаны пажаданні асоб з парушэннямі апорна-рухальнага апарата і пажылых грамадзян. Амаль 77% участкаў для галасавання абсталяваны элементамі безбар'ернага асяроддзя, каля 78% размешчаны на першых паверхах будынкаў.
На ўчастках для галасавання разгорнута звыш 550 выязных гандлёвых аб'ектаў. Запланаваны выставы-продажы, распродажы са зніжкамі на тавары і паслугі, рэкламныя акцыі і дэгустацыі харчовых тавараў. На многіх участках запланавана культурная праграма з выступленнямі творчых калектываў. Таксама сёння ў раёнах арганізуюць розныя акцыі, спаборніцтвы, конкурсы і іншыя мерапрыемствы.