Мікалай Шарснёў: «Для паспяховай канкурэнцыі трэба развіваць высокатэхналагічны бізнес»
Віцебская вобласць актыўна развівае знешнеэканамічную дзейнасць, пашыраючы не толькі культурныя і гуманітарныя сувязі, але і рынкі збыту прадукцыі. У супрацоўніцтве з замежнымі краінамі рэгіён асаблівы акцэнт робіць на стварэнне вытворчай базы. Развіццё вобласці немагчыма без стварэння новых прадпрыемстваў, высокатэхналагічных вытворчасцей. На якія напрамкі па галінах робіцца асаблівы акцэнт, што лічыцца найбольш перспектыўным і які чаканы эфект ад будучых пераўтварэнняў у сельскагаспадарчай вытворчасці паўночнага рэгіёна Беларусі? Пра гэта і не толькі ў інтэрв'ю карэспандэнта БЕЛТА са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарстнёвым.
- Мікалай Мікалаевіч, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку прыватных, - адна з галоўных задач. Як ідзе гэтая праца ў рэгіёне?
- У 2015 годзе ў гарадах і раёнах вобласці было адкрыта 171 новае прадпрыемства і вытворчасць, створана 1 тыс. 771 рабочае месца. ПУП "ПліссаПрам" у Віцебску пачало выпускаць будаўнічыя металічныя вырабы, ПУП "Вішнёвы двор Інвест" у Віцебскім раёне -
жалезабетонныя канструкцыі, ТАА "Акатэрм Флакс" - цеплаізаляцыйныя матэрыялы, ПУП "Глыбоцкая рапсавая кампанія" - рапсавы алей. І гэта толькі некалькі прыкладаў, як за кошт развіцця малога і сярэдняга бізнесу можна дамагчыся поспеху. На тэрыторыі вобласці налічваецца 33 тыс. суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 9 тыс. юрыдычных асоб і больш за 23,5 тыс. прадпрымальнікаў. У прадпрымальніцкім сектары занята каля 25% ад агульнай колькасці працуючых у эканоміцы вобласці. Чвэрць займаецца гандлем, пятая частка занята ў прамысловасці, столькі ж у сельскай гаспадарцы, 13% - у будаўніцтве, 8% аказвае паслугі ў сферы транспарту і сувязі. Для нас актуальныя інвестыцыйныя прапановы, якія прадугледжваюць паглыбленую перапрацоўку і выхад на вытворчасць прадукту з высокай дабаўленай вартасцю. Гэта праекты у сферы перапрацоўкі мяса, малака, рапсу, лёну, торфу, драўніны, выпуску шырокай гамы будаўнічых матэрыялаў. Гэта значыць, вырабляць трэба тое, што базуецца на мясцовай сыравіне. Задача ў тым, каб выкарыстоўваць сыравінную базу найбольш эфектыўна. І атрымліваць больш важкі эканамічны эфект, чым у нашых канкурэнтаў. Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці, у першую чаргу зніжэнне сабекоштасці. Бо кошт працоўнай сілы, энергіі ў нас танней, чым у Еўропе. Каб канкураваць, бізнес павінен быць высокатэхналагічным.
- Якія вынікі першых месяцаў 2016 года, колькі інвестыцыйных рэсурсаў паступіла ў рэгіён, якія прагнозы?
- Толькі ў студзені 2016 года прыцягнута Br973,9 млрд інвестыцый у асноўны капітал. У рэгіёне працягваецца рэалізацыя праектаў па будаўніцтве Віцебскай і Полацкай ГЭС, цэха па вытворчасці буйнафарматных сценавых керамічных вырабаў ААТ "Кераміка", будаўніцтве і мадэрнізацыі цэха па вытворчасці сухой сыроваткі і сухіх малочных прадуктаў ААТ "Глубокскі малочна-кансервавы камбінат", мадэрнізацыі вытворчасці ААТ "Полацкі КХП", ААТ "Нафтан". ТАА "Кіруючая кампанія холдынгу "Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марка" рэалізуе інвестыцыйны праект "Стварэнне вытворчых магутнасцей па выпуску абутку да 5 млн пар у год і рэканструкцыя футравай фабрыкі з улікам стварэння холдынгу "Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марка" на 2013-2024 гады". З прыцягненнем замежных інвестыцый у гэтым годзе працягваецца рэалізацыя буйных праектаў - будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Міёрскім раёне (інвестыцыі Аўстрыі, Германіі); малочна-таварнай фермы ў Гарадоцкім раёне (Расійскай Федэрацыі); завода па выпуску гандлёвага абсталявання ТАА "Модэрн-Экспа" у Віцебску (інвестыцыі Польшчы); мадэрнізацыя вытворчай базы ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" (Украіны); развіццё вытворчасці тэрмарэзістараў і кандэнсатараў ААТ "ВЗРД "Маналіт" (Расійскай Федэрацыі) і шэраг іншых праектаў.
- Якія найбольш значныя прапановы пад кітайскія інвестыцыі?
На перамовах з кітайскімі інвестарамі мы вылучаем прапановы па развіцці вытворчасці малака, кармоў, паглыбленай перапрацоўцы малочнай прадукцыі. Натуральна, у кожнага інвестара свае патрабаванні, зрэшты, як і ў беларускіх партнёраў. Рашэнне – у пошуку кампрамісных варыянтаў з улікам вопыту кожнага боку. Нам неабходна працягнуць працу па будаўніцтве каскада электрастанцый на рацэ Заходняя Дзвіна, развіваць нафтахімічны комплекс, ствараць сыравінную зону пад вытворчасць вырабаў са скуры і абутку, укараняць бязводхадныя тэхналогіі па перапрацоўцы драўніны, замарозцы і выпуску гатовых агароднінных сумесяў, бульбы, грыбоў, ягад, лекавых прэпаратаў. Але не ў выглядзе сыравіннага паўфабрыкату, а гатовага да рэалізацыі ў гандлёвых сетках, тое, што запатрабавана спажыўцом. Прычым часу на разварушванне няма, бізнес даражэе з кожным днём. Мы абавязаны захаваць брэнд экалагічна чыстага беларускага прадукту і ўмела раскручваць яго.
– Некаторыя прадпрыемствы адчуваюць праблемы. Ёсць яны ў горадаўтваральных, такіх як Обальскі керамічны завод у Шумілінскім раёне, завод пластмас ААТ "Інвет" у Бігосава Верхнядзвінскага раёна. Якім вам бачыцца выхад са створанай сітуацыі?
- Обальскаму керамічнаму заводу з-за вялікага энергетычнага складніка ў сабекошце выпускаемай прадукцыі цяжка канкурыраваць з іншымі прадпрыемствамі, якія выпускаюць аналагічны прадукт. Неабходна зніжаць сабекошт прадукцыі. Для гэтага на заводзе завяршаецца рэалізацыя інавацыйнага праекта, які дазволіць павялічыць аб'ём вытворчасці і знізіць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў. Мадэрнізацыя завода вядзецца за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Віцебскага аблвыканкама. На прадпрыемстве ідзе ўстаноўка і адладка абсталявання прадстаўнікамі грэчаскай кампаніі Sabo, асноўным відам дзейнасці якой з'яўляецца будаўніцтва цагляна-чарапічных заводаў "пад ключ". Мадэрнізаваны цэх будзе выпускаць цэглу па новай тэхналогіі пластычнага фармавання (да гэтага выпускаўся цэгла паўсухога прэсавання). Мадэрнізацыя дазволіць знізіць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў прыкладна на 20%, павысіць прадукцыйнасць працы і прыкметна палепшыць якасць цэглы. Гэта павысіць рэнтабельнасць вытворчасці і зробіць прадукцыю больш канкурэнтаздольнай. Аб'ёмы вытворчасці захаваюцца на ўзроўні 30 млн штук цэглы ў год. ААТ "Інвет" з'яўляецца адным з найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Верхнядзвінскага раёна і арыентавана на выпуск прадукцыі тэхнічнага прызначэння з палімерных матэрыялаў. З 2004 года на прадпрыемстве праведзена маштабная мадэрнізацыя за кошт крэдытных рэсурсаў, інвеставана больш за Br45 млрд, набыта новае абсталяванне для вытворчасці прадукцыі метадам ратацыйнага фармавання. Вытворчыя магутнасці па перапрацоўцы пластмас выраслі ў 7 разоў. "Інвет" адчувае цяжкасці з загрузкай магутнасцей па прычыне зніжэння заказаў з боку спажыўцоў рэспублікі. Прадпрыемству
трэба працягваць асвойваць новыя віды прадукцыі, аналагаў якой у Беларусі няма, выходзіць на новыя рынкі. У мінулым годзе "Інвет" ужо пачаў пастаўляць прадукцыю ў Варонежскую, Смаленскую, Калужскую вобласці, павялічыў пастаўкі ў Казахстан.
– У сучасных умовах гаспадаркі роля кіраўніка ўзрастае. Якімі якасцямі павінен валодаць дырэктар прадпрыемства, старшыня райвыканкама, каб адпавядаць патрабаванням часу?
– Толькі пісьменныя менеджэры, якія мысляць стратэгічна, здольны аб'яднаць калектыў на выкананне пастаўленых задач. Шмат што залежыць ад іх прафесіяналізму, умення аператыўна рэагаваць на сітуацыю, якая хутка мяняецца, прымаць адэкватныя кіраўніцкія рашэнні. Менавіта на гэты найважнейшы складнік у працы кіраўніка пастаянна звяртае ўвагу кіраўнік нашай дзяржавы. І такіх, па-сапраўднаму таленавітых, адукаваных, якія ўмеюць працаваць з людзьмі кіраўнікоў, якія валодаюць аналітычным мысленнем, прынцыповасцю пры адстойванні агульнанародных інтарэсаў, у Віцебскай вобласці нямала. Кіраўнічы склад рэгіёнаў вобласці ўяўляе сабой сплаў вопыту і маладосці. Больш за 40% старшынь гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў мясцовых адміністрацый ва ўзросце ад 41 года да 50 гадоў, старэйшыя за 51 год – 28%. Пастаянна
вядзецца праца па пошуку новых, поўных сілы і ідэй маладых кіраўніцкіх кадраў. З ліку кіраўнікоў рэгіёнаў 32% ва ўзросце да 40 гадоў. Большасць з іх маюць вышэйшую сельскагаспадарчую і эканамічную адукацыю. Кіраўнікі павінны валодаць ведамі прагрэсіўных метадаў гаспадарання, навыкамі працы у сучасных рынкавых умовах.
- Яшчэ адна актуальная тэма, якая заўсёды хвалюе людзей, - жыллёвае пытанне. Якая дынаміка жыллёвага будаўніцтва апошніх гадоў, якое заданне для рэгіёну на 2016 год і на бліжэйшае пяцігоддзе? Якія шляхі вырашэння праблем забеспячэння жыллём шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў?
- Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва напрамую залежаць ад яго фінансавання. За пяцігодку вобласць увяла ў строй звыш 2,5 млн кв.м агульнай плошчы жылля. У 2015 годзе заданне, устаноўленае ўрадам, вобласцю было выканана. У гэтым годзе аблвыканкамам даведзена да гарадоў і раёнаў заданне пабудаваць 330 тыс. кв.м жылья. Плануецца захаваць аб'ёмы будаўніцтва жылля на ўзроўні 2015 года, льготнае крэдытаванне будзе скарачацца пры ўмове ўкаранення альтэрнатыўных відаў дзяржаўнай падтрымкі. У раёнах патрэбнасць шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, якія жадаюць пабудаваць жыллё з дапамогай дзяржавы, як правіла, задавальняецца. Некалькі складаней гэта ажыццявіць у гарадах.обласнога падпарадкавання Оршы, Полацку, Наваполацку і Віцебску з-за вялікай чаргі. У абласным цэнтры, напрыклад, на будаўніцтва жылля з афармленнем льготнага крэдыту накіроўваюцца сем'і, якія маюць чацвярых і больш дзяцей.
- Якія значныя сацыяльныя аб'екты будуць будавацца ў рэгіёне сёлета? Што запланавана ўвесці ў строй?
- У лютым уведзены ў эксплуатацыю лячэбны корпус №1 Віцебскай абласной інфекцыйнай бальніцы. На чарзе - наваселле ў тэрапеўтычным корпусе дзіцячай абласной бальніцы. Абласная інвестыцыйная праграма аддае прыярытэт аб'ектам, якія маюць сацыяльную значнасць. Гэта дзіцячыя садкі ў Оршы і Глыбокім, цэнтр суправаджальнага пражывання пажылых грамадзян у аграгарадку Бычыха Гарадоцкага раёна і іншыя аб'екты.
- На працягу мінулага года вы шмат увагі ўдзялялі сельскай гаспадарцы вобласці, асабіста прымалі ўдзелу працоўных нарадах і семінарах па пытаннях развіцця АПК. Як ацэньваеце вынікі гэтай працы?
- На жаль, не ўсё атрымалася, але разам з тым па многіх напрамках прагрэс відавочны. Удалося павялічыць сярэдні надой малака ад каровы - за год прыбаўка склала 315 кг. Валавая вытворчасць малака павялічылася на 4,1 тыс. т і склала 745,6 тыс. т, рэалізацыя малака перапрацоўваючым прадпрыемствам вырасла на 6,2 тыс. т. Павысілася таварнасць малака.
Аграрыі сабралі 1 млн 440 тыс. т збожжа ва ўсіх катэгорыях гаспадаркі. Гэта з'яўляецца лепшым вынікам за апошнія 40 гадоў. Упершыню сярэдняя ўраджайнасць на Віцебшчыне дасягнула 36,6 ц/га. У нас самая высокая ўраджайнасць бульбы - 262 ц/га. Валавы збор ільновалакна - 10 тыс. 324 т, самы вялікі ў рэспубліцы.
У гаспадарках перагледжаны схемы кармлення маладняку буйной рагатай жывёлы, праведзена работа па выкананні і ўдасканаленні ўмоў утрымання, у выніку чаго палепшылася захаванасць жывёл, атрымана больш цялят. Іх колькасць у параўнанні з 2014 годам павялічылася на 3,1 тыс. і склала 199,6 тыс. галоў. Рацыёны кармлення складаюцца па выніках біяхімічнага даследавання крыві і вынікаў даследавання кармоў.
- Адной з вашых ініцыятыў у сельскай гаспадарцы - стварэнне інтэграваных структур (аграрных холдынгаў). На якім этапе знаходзіцца гэтая праца?
- У кааператыўна-інтэграцыйныя структуры аб'яднаны вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі, збожжаперапрацоўчыя прадпрыемствы, малочныя і мясаперапрацоўчыя вытворчасці, якія маюць уласныя гандлёвыя сеткі. Такім чынам мы разлічваем дамагчыся зніжэння сабекошту на кожным з этапаў вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Ужо ёсць першыя вынікі. Дзякуючы ўзаемадзеянню ўсіх удзельнікаў адзначаецца павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, узрасла і іх удзельная вага ў агульным кошце валавой прадукцыі вобласці. У перспектыве ў такіх структурах будзе вырабляцца больш за 50% валавой прадукцыі вобласці. Асноўнай праблемай пры фарміраванні кааператыўна-інтэграцыйных структур з'яўляецца высокая сума даўгавых абавязацельстваў. Рыхтуецца праект нарматыўна-прававога дакумента для зніжэння даўгавой нагрузкі на кіраўнічыя прадпрыемствы. Для хранічна неплацежаздольных гаспадарак распрацавана некалькі алгарытмаў. Ёсць варыянты далучэння да прадпрыемстваў-інвестараў, змены спецыялізацыі, ініцыявання працэдуры банкруцтва. З кожным будзем працаваць кропкава.
- Як у рэгіёне рэалізуюцца планы па развіцці мясной жывёлагадоўлі, ці плануецца ў бліжэйшы час закупка мясных парод КРС?
- Развядзеннем мясной жывёлы ў вобласці займаюцца 49 сельскагаспадарчых арганізацый, у 30 з іх створаны асобныя фермы. У чатырох сельскагаспадарчых арганізацыях: ААТ "Ліпаўцы" Віцебскага раёна, філіяле "Галубічы" ААТ "Глубокскі мясакамбінат" Глубокскага раёна, ААТ "Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс" Шаркаўшчынскага раёна і на дзяржаўным прадпрыемстве "АграБерэснеўка" Докшыцкага раёна створаны племянныя статкі. Гаспадаркі ацераны як племянныя, у іх утрымліваецца 880 галоў кароў герефордскай пароды і яе памесей. Летам мінулага года ў рэгіёне вызначаны пералік сельскагаспадарчых арганізацый па развядзенні жывёлы герефордскай пароды, аб'ёмы перадачы маладняку для далейшага вырошчвання ў спецыялізаваныя гаспадаркі. Намечана будаўніцтва адкрытых пляцовак па адкорме мясной жывёлы. Для павышэння мясных якасцей маладняку, павелічэння колькасці чыстапароднага маткавага пагалоўя плануецца закупіць у Расіі да 5 тыс. галоў нецеляў абердзін-ангускай пароды.
- Віцебская вобласць сур'ёзна пацярпела ад афрыканскай чумы свіней. Якая цяпер сітуацыя з аднаўленнем пагалоўя?
- Страты былі значныя. Але праведзена сур'ёзная аднаўленчая праца. Па стане на 1 лютага 2016 года ў вобласці налічваецца 300 тыс. 640 галоў свіней, за год іх колькасць вырасла больш чым на 97 тыс. Цалкам укамплектаваны 9 свінаводчых комплексаў, на астатніх вядзецца мэтанакіраваная праца па аднаўленні пагалоўя.
- Рэгіён ужо прыступіў да вясновых палявых работ. Наколькі змянілася ў гэтым сезоне структура пасяўных плошчаў? Як яна будзе трансфармавацца ў будучыні?
- Віцебскай вобласці варта істотна змяніць структуру
пасяўных плошчаў з улікам атрымання максімальнай колькасці кармавога бялку. Галоўная мэта - якасныя кормы для жывёлагадоўлі. Гаспадаркі павінны атрымліваць максімальныя надоі і прывагі, зніжаючы сабекошт. Поле корміць ферму, а грошы мы атрымліваем ад рэалізацыі мяса і малака. Кармовая база павінна быць сфарміравана для максімальнага паляпшэння эфектыўнасці вытворчасці. Рэгіён мяняе структуру пасяўных плошчаў, павялічваючы пасевы бабовых культур, рапсу і канюшыны. Практычна на ўзроўні мінулага года захавана збожжавая група, на 25 тыс. га будуць павялічаны плошчы бабовых. Павялічваем плошчы пад рапс, у тым ліку outras. Рапсавае поле вобласці пашырыцца на 30 тыс. га і зойме плошчу 106 тыс. га. Пытанне забеспячэння насеннем і сродкамі абароны вырашае Віцебскі алейэкстракцыйны завод. Гэта прадпрыемства пры падтрымцы канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і само занялося непасрэдна вырошчваннем рапсу на палях Аршанскага, Сянненскага і Талачынскага раёнаў, агульная плошча якіх складае 3,2 тыс. га. На 30 тыс. га будзе павялічана плошча шматгадовых траў. Полі бульбы і агародніны плануецца сканцэнтраваць у гаспадарках, якія маюць сховішчы, тэхніку і адпаведныя тэхналогіі. Асаблівасці працы аграрыяў паўночнага рэгіёну краіны вызначаюцца прыродна-кліматычнымі умовамі, са скарочанымі тэрмінамі вясенніх і восеньніх работ. У параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі ў нас самыя складаныя ўмовы. Нам важна арганізаваць працу на сваіх землях такім чынам, каб атрымаць максімальна магчымы узровень прадукцыйнасці з кожнага гектара раллі і сельскагаспадарчых угоддзяў.Алена ТІХАНОВА. БЕЛТА.