Мікалай Шарснёў: «Дасягнутае будзем развіваць і ўдасканальваць»
— Мікалай Мікалаевіч, эканоміка — фундамент дабрабыту людзей. Там, дзе да справы падыходзяць удумліва, пралічваюць вынік, аптымізуюць затраты, намячаюцца пазітыўныя тэндэнцыі росту. Для вобласці важны поспех кожнай арганізацыі, кожнага спецыяліста. Бо па крупіцах і збіраецца мазаіка нашых дасягненняў. Што ўдалося зрабіць у рэальным сектары эканомікі?
— Вобласць завяршае год прыбытковай працай ва ўсіх сферах эканомікі. Прадукцыі выраблена больш у параўнанні з узроўнем 2016 года, выраслі экспарт і продаж тавараў насельніцтву.
Прамысловасць вобласці працуе з ростам чыстага прыбытку і рэнтабельнасці продажаў. Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў складае каля 30 працэнтаў. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Беларусі.
У бягучым годзе пачалі дзейнасць каля 300 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Як прыклад, у Віцебску ТАА «Витвидео» стала ажыццяўляць вытворчасць электраабсталявання; у Пастаўскім раёне «Завод Праміс» выпускае машыны і абсталяванне для сельскай гаспадаркі; у Наваполацку прыватнае прадпрыемства «Вершылаўскія» займаецца пашывам швейных вырабаў; новыя прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны з'явіліся ў Бешанковіцкім, Віцебскім, Шаркаўшчынскім раёнах.
На працоўныя месцы, якія з'явіліся за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, працаўладкавана 5,7 тысячы чалавек.
— Вось яшчэ паказальны прыклад — летам гэтага года на рацэ Заходняя Дзвіна пачалі працаваць Полацкая і Віцебская ГЭС.
— На рахунку энергетыкаў вобласці шэраг інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных за апошні час. Віцебская ГЭС стала самай магутнай гідраэлектрастанцыяй у рэспубліцы. Яе ўстаноўленая электрычная магутнасць 40 мегават. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць электраэнергіяй спажыўцоў Віцебскага раёна.
Увод каскаду гідраэлектрастанцый дазволіць эканоміць на набыцці паліўных рэсурсаў, паспрыяе зніжэнню экалагічнай нагрузкі на асяроддзе.
У кастрычніку ўведзены ў эксплуатацыю новыя энергазберагальныя цяпліцы ў Арэхаўску Аршанскага раёна. Іх забяспечвае цяплом Беларуская ДРЭС, якая працуе на мясцовых відах паліва. Гародніну тут вырошчваюць круглы год.
Дарэчы, па выпрацоўцы электраэнергіі Віцебская энергасістэма на сённяшні дзень — самая магутная ў краіне. Наперадзе ў яе рэалізацыя мерапрыемстваў па інтэграцыі з Беларускай атамнай электрастанцыяй.
— Мікалай Мікалаевіч, мінулы год прайшоў пад знакам актывізацыі дзелавога супрацоўніцтва з рэгіёнамі блізкага і далёкага замежжа. Вы прынялі ўдзел у IV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Маскве. Адбылося нямала візітаў, цікавых сустрэч, напрыклад, у Валгаградскай, Астраханскай, Цвярской, іншых абласцях Расійскай Федэрацыі. Усё гэта дае свае вынікі. Якія яны?
— У дыялогу з партнёрамі мы знаходзім і разуменне, і гатоўнасць вырашаць многія праблемы.
Вобласць нарошчвае пастаўкі прадукцыі на экспарт. Рост продажаў за мяжу павялічыўся ў 2017-м у параўнанні з 2016 годам у 1,4 раза. Вырабы з маркай віцебскіх таваравытворцаў пастаўляюцца ў 90 краін свету і больш чым у 78 расійскіх рэгіёнаў. Найбольш маштабна развіваецца супрацоўніцтва з Расіяй. Традыцыйнымі рынкамі збыту для нас з'яўляюцца таксама Украіна, Казахстан, Малдова, Кыргызстан, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Германія, Літва, Польшча, Латвія, Турцыя. Сумленную ўвагу надаюць знешнегандлёвым сувязям з правінцыямі Кітая. Усяго аблвыканкамам падпісана 27 пагадненняў, у тым ліку з рэгіёнамі В'етнама, Тайланда, Пакістана.
Атрадна, што ў прасоўванні прадукцыі на замежныя рынкі ўзрастае доля прыватнага бізнесу.
— Наколькі, на ваш погляд, падпісаны ў лістападзе Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва» спрыяе вызваленню дзелавой ініцыятывы?
— Гэты ключавы дакумент з пакета па спрошчэнні ўмоў вядзення бізнесу надаў яму імпульс. Прадпрымальніцтва ўносіць важкі ўклад у бюджэт вобласці, забяспечваючы яго пятую частку, палову экспарту тавараў і трэць інвестыцый. Улада, разумеючы значнасць і ўклад гэтага сектара, на падтрымку прадпрымальніцтва з абласнога бюджэту накіравала 500 тысяч рублёў. На малы і сярэдні бізнес мы робім стаўку, за ім — будучыня. Бо бізнес спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, забяспечвае рост вытворчасці спажывецкіх тавараў, дзякуючы яму пашыраецца сфера паслуг, а эканоміцы надаецца дадатковая стабільнасць.
— Асаблівая ўвага ва ўжо мінулым годзе кіраўніцтвам краіны і вобласці надавалася Аршанскаму раёну. Што зроблена і з рэалізацыяй якіх праектаў ужо вызначыліся?
— Новы від сучаснага еўрапейскага мястэчка атрымаў пасёлак Копысь, які стаў эталонам для падобных пасёлкаў у краіне. Тут створана інжынерна-транспартная інфраструктура, рэканструявана вулічна-дарожная сетка; створаны новыя сацыяльныя, гандлёвыя, турыстычныя і спартыўныя аб'екты; праведзена мадэрнізацыя дзеючых прадпрыемстваў. Пры гэтым улічваліся пажаданні мясцовых жыхароў. Усе работы праведзены ў максімальна кароткія тэрміны, якасна і нядорага і атрымалі добрую ацэнку кіраўніка дзяржавы.
Дэталёва прапрацаваны праекты ў сферы АПК. Будзем будаваць фермы на 1,2 тысячы галоў надойнага статка ў «Усце» і «Цеплічным», на 2 тысячы галоў у «Юбілейным», завершым рэканструкцыю фермы ў «Ларынаўцы». Маштабная мадэрнізацыя чакае свінаводчы комплекс «Задняпроўскі».
Да ўзвядзенні новых комплексаў падштурхоўвае і развіццё перапрацоўваючых прадпрыемстваў. Будзе весціся мадэрнізацыя Аршанскага малочнага камбіната, запланавана будаўніцтва новага забойчага цэха на мясакансервавым камбінаце. Па гэтых праектах ужо прыняты рашэнні, вызначаны крыніцы фінансавання, пачынаецца этап увасаблення ў жыццё намечанага. Змены ў рэгіёне будуць не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў прамысловасці, сацыяльнай сферы.
— У 2017 годзе Віцебшчына, нягледзячы на складанасці і капрызы надвор'я, сабрала больш за мільён тон збожжа, валавы збор на 170 тысяч тон больш леташняга. З якой дынамікай АПК вобласці ўступае ў новы год?
— Працягнецца курс, узяты на абнаўленне машынна-трактарнага парку. Сёлета закупілі больш за тысячу адзінак сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі.
Дзякуючы пераўтварэнням, якія адбываюцца ў аграпрамысловым комплексе, канцэнтрацыі і укрупненню вытворчасцей, стварэнню інтэграцыйных структур і буйных холдынгаў прадпрыемствы атрымаюць фінансавую ўстойлівасць.
Па асноўных паказчыках у сельскай гаспадарцы вобласці дынаміка станоўчая. Атрыманы чысты прыбытак, узраслі рэнтабельнасць продажаў і выручка ад рэалізацыі, аптымізаваны затраты.
У 2017 годзе ў Талачынскім раёне ўведзены ў эксплуатацыю 2-і пускавы комплекс сучаснага свінагадоўчага прадпрыемства магутнасцю 55 тысяч галоў свіней у год. Да канца года аб'ект будзе ўведзены ў поўным аб'ёме. У 2018 годзе пачнецца будаўніцтва 12 малочна-таварных ферм і 4 свінагадоўчых рэпрадуктара.
— У рэгіёнах шмат робіцца для паляпшэння ўмоў жыцця, развіваюцца інфраструктура, паслугі для насельніцтва. Вам як губернатару важна, каб кожны мог рэалізаваць сябе як асоба, раскрыць свае здольнасці і талент. Зразумела, што аснова асобаснага росту закладваецца ў школе. Рэфармаванне сістэмы адукацыі нацэлена на тое, каб у выйгрышы апынуліся і навучэнцы, і настаўнікі. Якія напрамкі тут апынуліся, на ваш погляд, найбольш каштоўнымі?
— У Год навукі Віцебшчына выйшла лідарам па развіцці інфраструктуры падтрымкі талентаў у краіне. Менавіта віцебскі бізнес першым у краіне рэалізуе праект рэгіянальнай праграмы па падтрымцы маладых талентаў у навуцы і спорце «Таленавіта». Яго ініцыятарамі выступілі віцебскі фармацэўтычны кластар і СААТ «Натывіта». Навацыю падтрымалі аблвыканкам, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства спорту і турызму Беларусі.
Парадавалі сваімі перамогамі на міжнародных алімпіядах навучэнцы вобласці. Яны заваявалі бронзавы медаль на IV Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёну, сярэбраны медаль на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы (у Ісламскай Рэспубліцы Іран), бронзавы медаль на Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе (у Рэспубліцы Сербіі).
У снежні бягучага года прэміяй аблвыканкама мы ўзнагародзілі 70 дзяцей, якія дамагліся высокіх вынікаў у рэспубліканскай і міжнародных алімпіядах, і 54 педагога.
Успешно выступіла выкладчыца беларускай мовы Святлана Румянцава з Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка на рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года‑2017», дзе і стала пераможцам.
З новых аб'ектаў, уведзеных у 2017 годзе ў сферы адукацыі, — установы дашкольнай адукацыі ў гарадах Орша і Глыбокае.
Аптымізацыя сеткі адукацыі накіравана перш за ўсё на паляпшэнне якасці адукацыі. Наша стратэгія — стварыць сучасныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей незалежна ад месца жыхарства ў горадзе ці на вёсцы.
— Мікалай Мікалаевіч, кардынальныя змены адбываюцца і ў сістэме аховы здароўя. Нядаўна адкрывалі новае стаматалагічнае аддзяленне бальніцы ў Докшыцах, на падыходзе наваселлі медыкаў у Оршы і Міёрах. Як вы ацэньваеце вынікі працы галіны ў мінулым годзе?
— Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя значна палепшана. На рэканструкцыю, мадэрнізацыю і будаўніцтва аб'ектаў аховы здароўя вобласцю выдзелена ў 2017 годзе 40 мільёнаў рублёў, палова бюджэтных сродкаў зрасходавана на сучаснае медыцынскае абсталяванне.
Завершана рэканструкцыя і мадэрнізацыя практычна ўсіх цэнтральных раённых бальніц. У мікрараёне Білева ў Віцебску адкрыта ўрачэбная амбулаторыя. Абноўлены жаночыя кансультацыі ў абласным цэнтры. Завяршаецца рэканструкцыя гарадской бальніцы імя Семашкі ў Оршы і будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ў Мёрах.
Выдзелены сродкі на будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Юг-7А у Віцебску. Прадугледжана фінансаванне ў поўным аб'ёме для яго заканчэння ў 2018 годзе. У наступным годзе будзе завершана і рэканструкцыя хірургічнага корпуса Віцебскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера.
Прымяненне высокіх тэхналогій у кардыялогіі, анкалогіі, хірургіі ажыццяўляецца адразу пасля ўводу медыцынскай тэхнікі ў эксплуатацыю. Ангіяграфічны комплекс, устаноўлены ў Віцебскім абласным кардыялагічным дыспансеры, ужо выратаваў ад інфарктаў не адзін дзясятак чалавек. І як вынік — працягласць жыцця жыхароў вобласці за апошнія 5 гадоў павялічылася на 4 гады. Знізілася захворванне дзяцей.
— У апошні час усё больш увагі надаецца прывабнасці Беларусі і рэгіёнаў, іміджавым праектам, якія працуюць на прыцягненне замежных турыстаў і гасцей. Чым мы ў гэтым напрамку можам ганарыцца, што новага з'явілася ў рэгіёне?
— Віцебшчыну асацыююць з традыцыямі высокай культуры, у свеце яе ведаюць па шырокамаштабных фестывальных праектах — «Славянскі базар у Віцебску», сучаснай харэаграфіі, «Званы Сафіі» ў Полацку, «Браслаўскія зарніцы» і многія іншыя. У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання да Дня беларускага пісьменства ў Полацку шмат зроблена для развіцця турыстычнай інфраструктуры. Гэта калыска нашай дзяржаўнасці, «бацька гарадоў беларускіх», нагадаю, помнік беларускай дзяржаўнасці мы адкрылі ў Полацку ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. Старажытны Полацк і малады Наваполацк маюць усе магчымасці, каб стаць сапраўднай беларускай турыстычнай мекай.
Вобласць валодае непаўторным спалучэннем азёр і лясоў, рэк і балот, узвышшаў і нізін. У нас сканцэнтравана значная частка каштоўных і проста ўнікальных для Еўропы ландшафтаў. Невыпадкова Віцебшчына займае другую пазіцыю ў рэйтынгу рэгіёнаў краіны па колькасці зарэгістраваных суб'ектаў аграэкатурызму. У 2017 годзе ўведзена больш за 50 аб'ектаў сферы турызму. З іх — 2 аб'екты прыдарожнага сэрвісу, гасцініца ў Докшыцкім раёне.
Пачалі прымаць гасцей базы адпачынку «Верасы» (ААТ «ВЗРД «Маналіт») і «Старыя вяза» (ЗАТ «БелНанаАгра») у Віцебскім раёне і «Лосьвіда» ў Гарадоцкім раёне. Створана парусная школа ў Браславе.
Уведзены санаторна-курортны комплекс у Глыбоцкім раёне, гандлёва-грамадскі цэнтр у Полацку.
У рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў па развіцці кемпінгаў і караванінгу на тэрыторыі Віцебскай вобласці дзейнічае 8 кемпінгаў.
— На вашым прыкладзе захапленнем спортам мы бачым яркага і пераканаўчага прыхільніка і прапагандыста здаровага ладу жыцця. Шлях да здароўя пачынаецца не з аптэкі, а ў спартыўнай зале, на бегавой дарожцы або ў плавальным басейне. І ў гэтым плане фізічная культура і спорт на Віцебшчыне на ўздыме. Ці не так?
— Для заняткаў спортам у нашай вобласці створана 4120 спартыўных аб'ектаў, у тым ліку 3 лядовыя палацы, 7 стадыёнаў, 670 спартыўных залаў, 112 плавальных басейнаў і іншыя збудаванні. Штогод мы ўводзім у эксплуатацыю новыя аб'екты. Сёлета — фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва» з плавальным басейнам ва Ушачах, басейн у Гарадку, гарадскі стадыён у Дубровне, шматпрофільныя спартыўныя пляцоўкі з штучным пакрыццём у Дубровне і Сянне.
Дзякуючы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь мы хочам залучыць да заняткаў спортам як мага больш людзей. Для гэтага з'яўляюцца і вулічныя трэнажоры ў дварах, заліваюцца каткі, усталёўваюцца хакейныя скрынкі ў мікрараёнах. У вобласці атрымаў развіццё новы моладзевы рух «За здаровы лад жыцця». Першая спартыўная пляцоўка для заняткаў вулічнай гімнастыкай або варкаўтам адкрылася яшчэ ў лістападзе 2014 года. Цяпер аналагічныя пляцоўкі ўстаноўлены ў Віцебску на базе сярэдніх школ № 25 і № 34, у Оршы, Наваполацку, Сенне.
Хвалюемся мы за нашых хлопцаў і ў вялікім спорце. Летась з Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра нашы землякі Уладзіслаў Ганчароў і Андрэй Праневіч вярнуліся з залатымі ўзнагародамі. Што гэта вынік сістэмнай працы, пацвердзіў нядаўні чэмпіянат свету па скачках на батуце, дзе Уладзіслаў Ганчароў зноў апынуўся на верхняй прыступцы п'едэстала ўжо ў сінхронных скачках. Усяго ў 2017 годзе спартсменамі Віцебскай вобласці на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах заваявана 128 медалёў, з іх 57 залатых. На пачатку будучага года ў карэйскім Пхёнчхане пройдуць ХХІІІ зімовыя Алімпійскія гульні. Кандыдатамі на ўдзел з'яўляюцца 7 прадстаўнікоў Віцебшчыны. Спадзяемся на іх паспяховае выступленне.
Згодна з Дзяржаўнай праграмай па стварэнні безбар'ернага асяроддзя за 5 гадоў у Віцебскай вобласці замест запланаваных будаўнічых работ на 9 спартыўных аб'ектах фактычна былі праведзены работы на 13 спартыўных збудаваннях. У цяперашні час у вобласці 38 спартыўных аб'ектаў прыстасаваны для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы з фізічна аслабленымі асобамі.
Для прапаганды здаровага ладу жыцця вялікіх фінансавых затрат не патрабуецца. Галоўнае — вызначыць мэту і настойліва ісці да яе, паступова дабіваючыся вынікаў.
— Вашы пажаданні чытачам газеты, жыхарам вобласці ў новым годзе.
— Дасягнутае сёлета трэба замацаваць і рухацца далей. У рэальным сектары эканомікі, у народна-гаспадарчым комплексе трэба правесці вялікую сістэмную працу. У ліку прыярытэтных задач — далейшая мадэрнізацыя вытворчасцей, прыцягненне інвестыцый, асваенне новых відаў прадукцыі, пошук рынкаў збыту, падрыхтоўка высокапрафесійных кадраў.
Наша жыццё саткана з маленькіх радасцей і поспехаў, расчараванняў і няўдач. У Новы год мы па традыцыі не ўспамінаем дрэннае, а бярэм толькі лепшае, каб развівацца і ўдасканальвацца далей.
У кагосьці нарадзіўся сын ці дачка, хтосьці атрымаў дыплом аб адукацыі, пабудаваў дом ці кватэру, да кагосьці прыйшло каханне, склалася сям'я. А калі нават і не здарылася прыкметных радасцей, усё роўна былі проста добрыя, шчаслівыя дні.
Таму жадаю вам ніколі не спыняцца на дасягнутым, смела ісці наперад, праяўляць больш ініцыятывы і настойлівасці. Здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў! Утульнасці, спакою і цяпла ў доме, разумення і любові блізкіх!
Гутарку вяла Святлана ДЗЕДЗІНКІНА,галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.