Мікалай Шарснёў: звароты грамадзян – падказка для ўладаў, дзе трэба ўзмацніць працу
Звароты грамадзян — падказка для ўладаў, у якіх напрамках трэба ўзмацніць працу. Гэта адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, падводзячы вынікі сённяшняй прамой лініі з насельніцтвам.
Аналізуючы геаграфію зваротаў, кіраўнік вобласці звярнуў увагу на тое, што да яго на прамую лінію надзвычай рэдка паступаюць званкі з невялікіх раёнаў. "Чым больш раён, тым больш праблем. Гэта кажа пра тое, што мясцовыя ўлады не даходзяць да людзей, не вырашаюць іх праблем, таму пытанні ўздымаюцца на ўзроўні аблвыканкама, — сказаў губернатар. — Нам трэба сістэматызаваць працу па тых напрамках, пра якія гавораць нам жыхары. А гэта навядзенне парадку, добраўпарадкаванне тэрыторый і рамонт дарог".
Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Ілона Шульга паведаміла, што колькасць зваротаў у аблвыканкам у першым квартале зменшылася на 24% у параўнанні з мінулым годам. Пры гэтым самай хвалюючай для насельніцтва застаецца сфера ЖКГ. Па гэтай тэматыцы паступае каля 50% заяў. Шмат пытанняў выклікаюць стан дарог, праца транспарту, якасць гандлёвага абслугоўвання, актуальныя для жыхароў вобласці і праблемы занятасці. Як станоўчую тэндэнцыю начальнік аддзела адзначыла зніжэнне ліку зваротаў ад жыхароў Аршанскага раёна.
Сёння на прамую лінію губернатара паступіла 19 званкоў, практычна палова — з Віцебска. Адно з самых вострых пытанняў — размяшчэнне кафэ, дзе рыхтуюць шашлыкі на адкрытым агні, у жылым доме па праспекце Будаўнікоў. Канфлікт уладальнікаў аб'екта грамадскага харчавання і жыльцоў мае працяглую гісторыю, вядомы і гарадскім, і абласным уладам. Для таго, каб урэгуляваць пытанні і знайсці шляхі вырашэння праблем, будзе створана спецыяльная незалежная камісія. Мікалай Шарстнёў паабяцаў жыхарцы дома, якая патэлефанавала, што сам выедзе на месца, каб ацаніць сітуацыю.
Акрамя гэтага, віцябляне выказвалі прэтэнзіі да работы грамадскага транспарту і якасці медыцынскага абслугоўвання, казалі пра неабходнасць добраўпарадкавання месцаў адпачынку і прыдамавых тэрыторый.
На прамую лінію паступілі звароты аджыхароў Сенненскага, Полацкага, Дубровенскага, Пастаўскага, Чашніцкага раёнаў, Оршы і Глыбокага. Тыя, хто дазваніўся, распавядалі аб дрэннай працы сельскіх крам, непамернай аплаце за паслугі водаадвядзення (адпампоўка каналізацыйных сцёкаў на прыватных падворках), дрэнных дарогах, прасілі прыняць меры да суседзяў, якія п'юць, і інш. У кожную сітуацыю Мікалай Шарстнёў унікаў дэталёва, пры неабходнасці падключаў да размовы старшынь райвыканкамаў (яны працавалі на месцах у рэжыме відэаканферэнцсувязі), а таксама кіраўнікоў падраздзяленняў аблвыканкама, якія прысутнічалі на прамой лініі. Па ўсіх пытаннях дадзены даручэнні, іх выкананне будзе пракантралявана.