Мікалай Шарснёў арыентуе віцебскіх аграрыяў на кардынальнае змяненне структуры пасяўных плошчаў
Віцебскай вобласці варта ў корані змяніць структуру пасяўных плошчаў з улікам атрымання максімальнай колькасці кармавога бялку. Пра гэта заявіў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Мікалай Шэрстнёў.
"Мы ў корані павінны змяніць структуру пасяўных плошчаў, падабраўшы культуры з улікам атрымання максімальнай колькасці бялку. Галоўная мэта - якасныя кормы для жывёлагадоўлі, - сказаў кіраўнік вобласці. - Гаспадаркі павінны атрымліваць максімальныя надоі і прывагі і пры гэтым зніжаць сабекошт. Вы бачыце, наколькі мы залежым ад бялковых кармоў. Соі ў нас няма, купляем, а цана цяпер за адну тону бялку соі больш за $800, сланечніку - звыш $200. Пры такіх выдатках цана нашай канчатковай прадукцыі не канкурэнтаздольная".
Мікалай Шэрстнёў падкрэсліў, што рэгіёну варта вызначыць стратэгічны напрамак развіцця ўсёй сельскагаспадарчай галіны і раслінаводства ў прыватнасці. "Раслінаводства павінна ў поўнай меры забяспечваць кармамі жывёлагадоўлю, таму што грошы мы атрымліваем ад рэалізацыі мяса і малака, - канстатаваў губернатар. –Кармавая база павінна быць сфарміравана для максімальнага паляпшэння эфектыўнасці вытворчасці".
На праблеме высокіх удояў Мікалай Шэрстнёў спыніўся асабліва і ўзгадаў, што калі ён толькі прыйшоў працаваць у сваю першую гаспадарку (гэта было ў Віцебскай вобласці), перад аграрыямі стаяла мэта і была распрацавана праграма атрымання 4 тыс. кг малака ад каровы. "Прайшло 30 гадоў, Віцебская вобласць так і не доіць гэтыя 4 тыс. кг. Трэба дэталёва разабрацца, чаму. А яшчэ прааналізаваць вопыт паспяховых гаспадарак, якія маюць і па 7, і па 8, і нават больш за 9 тыс. кг ад каровы. У чым тут сакрэт, чаму ў адных атрымліваецца, а ў іншых не?", - задаўся пытаннем кіраўнік рэгіёну.
На пасяджэнні аблвыканкама, у якім прымае ўдзел старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў, дэталёва разглядаюцца пытанні падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый вобласці да правядзення вясенніх палявых работ у 2016 годзе. Акрамя гэтага, размова ідзе аб выніках выканання асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і задачах банкаўскай сістэмы вобласці па яе далейшай рэалізацыі, накіраваных на эканамічнае развіццё рэгіёна.
Алена Ціханава, БЕЛТА.