Мікалай Шарснёў азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі Талачына да «Дажынак»
Працэс абнаўлення райцэнтра да традыцыйнага ўшанавання аграрыяў стаў нагодай для выязнога пасяджэння аблвыканкама, падчас якога ўсе прысутныя ўбачылі: падыход да зменаў у горадзе функцыянальны, і з думкамі не столькі пра свята, колькі пра жыхароў Талачына, для якога гэта штуршок для далейшага развіцця.
– Памятаю, мы разам вырашалі, ці патрэбны «Дажынкі», бо сітуацыя ў эканоміцы няпростая, не да свята. Але сёння пераканаўся, што было прынята правільнае рашэнне. Гэтыя абнаўленні адкрываюць рэгіёну перспектывы, яны важныя для мясцовых жыхароў, патрэбныя для будучыні горада – моладзі і дзяцей, – адзначыў Мікалай Шарстнёў.
На сённяшні дзень работы вядуцца на 90 аб'ектах. Кіраўнік вобласці пабываў на асноўных, дзе змог пераканацца, што ўсё выконваецца ў планавым рэжыме. У прыватнасці, у Талачынскай раённай бальніцы ўжо заменены вокны і праведзена тэрмаранавацыя паліклінікі, абсталяваны рэнтгенкабінет і аддзяленне гемадыялізу. Рамантуюцца ўстановы адукацыі – сярэднія школы №№ 1, 2. Вядзецца рэканструкцыя рэстарана, у тым ліку замена камунікацый і вентыляцыйных сістэм, абнаўленне фасада, добраўпарадкаванне піцэрыі і банкетнай залы. Высокая ступень гатоўнасці Дома культуры, дзе з'явяцца новыя мэбля, гукавое і светлавое абсталяванне. У працэсе капітальны рамонт 22 жылых дамоў, акрамя таго, прадугледжана добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый з устаноўкай горак і іншых збудаванняў для дзяцей.
Шмат увагі нададзена добраўпарадкаванню цэнтральнай плошчы горада і сквера. Тут абнаўляецца Алея герояў – ураджэнцаў Талачыншчыны, пачалося будаўніцтва светламузычнага фантана, прадугледжана стварэнне ўтульнага мястэчка для маладых сем'яў, размяшчэнне лавак, малых архітэктурных і гульнявых форм. Па задумцы праекціроўшчыкаў, гэта месца павінна стаць утульнай зонай адпачынку для мам з дзецьмі, для моладзі і людзей старэйшага ўзросту, павінна быць прывабным для гасцей рэгіёна.
Як адзначыў Аляксандр Ацясаў, усяго на сённяшні дзень на аб'ектах Талачына асвоена каля 40 млрд рублёў, на іх завяршэнне сродкі прадугледжаны.
– Вельмі важна, што работы выконваюцца ў намечаныя тэрміны, рыхтуемся да свята без авралу, усе ставяцца адказна да абнаўлення аб'ектаў, і ў тым, што горад будзе гатовы да патрэбнага часу, сумненняў няма, – упэўнены Мікалай Шарснёў.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"