Мікалай Шарснёў азнаёміўся з ходам пасяўной кампаніі ў Аршанскім раёне
Мікалай Шарснёў запэўніў, што аграрыі з задачай справяцца, бо летась быў зроблены добры зачын пад ураджай 2019 года. Вырашаны і ўсе арганізацыйныя пытанні па кадравым складзе. На час пасяўной кампаніі ў дапамогу вяскоўцам дадаткова прыцягнута 1,5 тысячы чалавек: каля адной тысячы – гараджан і яшчэ каля 500 чалавек задзейнічалі з навучальных устаноў.
Спрыяльныя ўмовы надвор'я дазволілі ўсім раёнам Віцебскай вобласці ўступіць у пасяўную кампанію практычна адначасова. Сёння выконваецца поўны комплекс работ. А асноўны ўпор у рабоце робіцца на строгае выкананне тэхналогіі.
– Калі мы яе вытрымаем, то атрымаем максімум ураджаю. Я пра гэта ўжо казаў: 30 цэнтнераў з гектара, якія мы атрымліваем, і 70-80 цэнтнераў з гектара, якія павінны, – гэта якраз розніца, якая залежыць ад тэхналогіі. Таму мы настройваем усіх на яе максімальнае выкананне і стараемся вырашаць усе звязаныя з гэтым пытанні, – падкрэсліў Мікалай Шарснёў.
Закранаючы тэму эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці, старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што яе аснову вызначае прамысловасць, прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу.
– Але калі разглядаць гэтае пытанне ў разрэзе рэгіёнаў, то ўсе яны – аграрныя, – адзначыў Мікалай Шарснёў. – У некаторых арганізацыях АПК агульны аб'ём выручкі ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі дасягае 70 працэнтаў. На вёсцы сканцэнтраваны велізарныя рэзервы, і мы можам прырастаць у разы. Сёння для нас дарожнай картай з'яўляецца Дырэктыва №6 «Аб развіцці вёскі», а маяком – стварэнне буйных інтэграцыйных структур, аграхолдынгі з удзелам прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Гэтым шляхам і ідзём. Аб'ядналі сельгасвытворчасці, камбікормавыя і малочнаперапрацоўчыя прадпрыемствы, гандаль, што дае зніжэнне сабекошту, а ў канчатковым выніку – канкурэнтаздольны тавар. Атрыманую выручку мы зможам пераразмеркаваць на асучасніванне сельгасвытворчасці. У планах за пяць гадоў абнавіць малочнатаварныя фермы, матэрыяльна-тэхнічную базу сельгаспрадпрыемстваў, тэхніку, абсталяванне, вырашыць праблемы ў свінагадоўлі, стварыць усе ўмовы для таго, каб моладзь заставалася працаваць на вёсцы.
Аб ходзе пасяўной кампаніі ў Аршанскім раёне журналістам падрабязна расказаў старшыня райвыканкама Ігар Ісачэнка:
– На палях усіх гаспадарак актыўна вядзецца сяўба яравых, успашка і бараніраванне глебы, падкормка азімых, падсейка шматгадовых траў, перасейка загінулых азімых і іншыя першачарговыя работы. Тэмпы сяўбы стабільна нарошчваюцца. З улікам забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі, насеннем, кадрамі, высокай гатоўнасці тэхнікі мы ідзём дастаткова нядрэнна. Калі захаваецца надвор'е, то на працягу 10-12 дзён вясновую сяўбу закончым.
У гэты ж дзень прадстаўнікі СМІ пабывалі ў філіяле «Цеплічны» РУП «Віцебскэнерга» – шматпрофільным прадпрыемстве, якое ідзе па шляху інавацыйнага развіцця.
У сярэдзіне мая тут плануюць запусціць вытворчасць замарожаных агародніны і ягад. Устаноўка лініі глыбокай замарозкі дазволіць выпрацоўваць пры адназменным рэжыме працы 2 тысячы тон гатовай прадукцыі з уласнай і набытай сыравіны.
Як распавёў дырэктар прадпрыемства Павел Фамінаў, у цяперашні час у новым цэху вядзецца мантаж тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку маразільных камер з агульным аб'ёмам захоўвання 890 тон. На новай лініі цяплічнікі будуць выпускаць розныя сумесі аж да дзевяцікампанентных. Філіял плануе рэалізоўваць прадукцыю не толькі на айчынным рынку. Прапрацоўваюцца магчымасці паставак на экспарт.
Увод гэтага аб'екта дазволіць значна павысіць долю выкарыстання ўласных агародніны, а таксама прадастаўляць паслугі па замарозцы прадукцыі на давальнiцкiх умовах і яе захоўванню.
Яшчэ адным маштабным праектам прадпрыемства стала мадэрнізацыя кансервавальнага ўчастка цэха перапрацоўкі прадукцыі. Частковае абнаўленне тэхналагічнага абсталявання дазволіла павялічыць аб'ём вытворчасці ў грашовым выражэнні са 180 тысяч да 280 тысяч рублёў, дасягнуць рэнтабельнасці рэалізацыі – у 6,8 працэнта.
Асартымент выпускаемай прадукцыі разнастайны. Сезонная прадукцыя, у тым ліку ў вакуумнай упакоўцы (квашаная капуста, салёны кроп, таматы, агуркі), агароднінныя кансервы (сок таматны, марынаваныя агародніна), пладова-ягадныя кансервы (працёртыя з цукрам), сокі і напоі.
– З улікам сусветных тэндэнцый у сферы экалогіі на сокапрыгатавальным участку цэха ўстаноўлена лінія разліву прадукцыі ў шкло. Для гэтага мы выкарыстоўваем шкляную тару айчыннай вытворчасці ёмістасцю 0,75 літра. Агульны гадавы аб'ём вытворчасці сокаў у ёй складае 86 тысяч бутэлек. У вытворчай лінейцы прысутнічае сок бярозавы ў асартыменце, сок таматны, аранжавы, манга, ананасны, яблычна-аранжавы, яблычна-вінаградны, грэйпфрут, – распавёў Павел Фамінаў.
Журналісты наведалі і новую сучасную малочнатаварную ферму на 400 галоў буйной рагатай жывёлы ў вёсцы Стайкі. Маштабны праект па рэканструкцыі комплексу філіял «Тепличный» РВУП «Витебскэнерго» рэалізаваў літаральна за год. МТФ запрацавала ў канцы ліпеня мінулага года. Тут створана 17 новых працоўных месцаў, на якія працаўладкаваны жыхары навакольных вёсак. У комплексе, абсталяваным пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы, усталявана даільная зала «Елочка» 2Ч16. Праграма сістэмы кіравання дазваляе весці ўлік надояў па кожнай жывёле. Падчас тэхналагічнага перааснашчэння фермы створаны выгульныя пляцоўкі, памяшканні вентылююцца, усталявана сістэма паення, механізавана раздача кармоў, пабудаваны новыя сенажныя траншэі, вагавая, навес для ўтрымання цялят, абсталяваны бытавыя памяшканні для персаналу.
Літаральна за некалькі сотняў метраў ад рэканструяванай МТФ вядзецца будаўніцтва рабатызаванай фермы на 1,2 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Фінансаванне праекта коштам 21,5 мільёна рублёў вядзецца за кошт уласных сродкаў «Витебскэнерго» і крэдытных рэсурсаў Банка развіцця. Увод аб'екта ў эксплуатацыю намечаны на лістапад 2019 года. Рэалізацыя праекта дазволіць стварыць 33 новыя працоўныя месцы.