Мікалай Шарснёў прадставіў новага старшыню Шумілінскага райвыканкама

Николай Шерстнёв представил нового председателя Шумилинского райисполкома
Знайсці кропкі росту, каб рухацца наперад. Такія ўстаноўкі даў сабе новы кіраўнік Шумілінскага раёна Алег Быкаў.

Алег Быкаў – карэнны шумілінец. Нарадзіўся за два кіламетры ад райцэнтра – у вёсцы Каравайніца. Працоўную біяграфію пачынаў з рабочых спецыяльнасцей у мясцовых будаўнічых арганізацыях, затым узначальваў Шумілінскую ПМК-70. А з 2011 года быў намеснікам старшыні райвыканкама, курыраваў пытанні ЖКГ, будаўніцтва, архітэктуры. Скончыў Расійскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

– Вялікая справа – знаходзіць на месцах сваіх людзей, якія зацікаўлены ў развіцці рэгіёна. Алег Пятровіч – з такіх, – сказаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, які прыняў удзел у сесіі Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, што аднагалосна зацвердзіла Алега Быкава на пасадзе старшыні райвыканкама.

Некалькі дзён таму гэту кандыдатуру ўзгадніў Прэзідэнт Беларусі, адзначыўшы, што прадстаўнікі мясцовай вертыкалі ўлады павінны быць актыўнымі ў прыняцці рашэнняў. «Гэта наша асноўнае звяно, ад якога залежыць развіццё краіны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дэпутаты райсавета, якія выступілі на сесіі, характарызавалі Алега Быкава як ініцыятыўнага кіраўніка, які валодае арганізатарскімі здольнасцямі. Ён добра ведае рэгіён, можа адаптавацца да працы ў любых умовах. Аб яго дзелавых якасцях сведчыць і тое, што, будучы дырэктарам ПМК-70, атрымаў высокае званне «Чалавек года Віцебшчыны».

Знайсці кропкі росту, каб рухацца наперад. Каля 17% эканамічна актыўнага насельніцтва раёна занята ў сельскай гаспадарцы, якую трэба выводзіць на новы ўзровень. Толькі строга выконваючы тэхналогіі вытворчасці сельгаспрадукцыі, павялічваючы яе аб'ёмы і якасць, у будучыні можна разлічваць на вынік. Пры гэтым неабходна развіваць сацыяльную сферу, паляпшаць працу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павышаць якасць паслуг. Абавязкова будаваць жыллё ў раёне.

– Алег Пятровіч правільна размеркаваў прыярытэты і паставіў задачы. Радуе, што ён працаваў у камандзе былога старшыні райвыканкама Аляксандра Снарова, які нямала зрабіў для развіцця рэгіёна. Обальскі керамічны завод выйшаў з крызіснага стану, у райцэнтры з'явіліся басейн, ФАК, заасфальтаваны вуліцы. Але многае яшчэ трэба зрабіць, – сказаў Мікалай Шарснёў.

Шумілінскі раён, адзначыў кіраўнік вобласці, датацыйны. Сельская гаспадарка знаходзіцца не ў лепшым стане. Сур'ёзных інвестараў, гатовых працаваць у галіне, пакуль няма.

Трэба думаць і аб будаўніцтве новай малочнатаварнай фермы на 2 тыс. галоў, якая будзе даваць сыравіну ў тым ліку для шумілінскага цэха па вытворчасці сыроў. У апошні час ідуць размовы аб яго закрыцці, старшыня аблвыканкама запэўніў, што гэтага не будзе. Цэх неабходна мадэрнізаваць, каб яго прадукцыя знайшла сваю нішу і попыт у спажыўцоў.

Асобную ўвагу неабходна надаць развіццю малога і сярэдняга бізнесу. Стаўку рабіць на мясцовых ініцыятыўных людзей, стварыць ім неабходныя ўмовы. Магчыма, знойдуцца выхадцы з Шумілінскага раёна, якія гатовыя ўкласці сродкі ў развіццё сваёй малой радзімы.

Спецыфіка рэгіёна, заўважыў кіраўнік вобласці, і ў тым, што Шуміліна знаходзіцца на паўдарозе паміж Віцебскам і Полацкам, і моладзь імкнецца з'ехаць у вялікія гарады. Таму трэба забяспечыць такі ўзровень жыцця, каб людзі заставаліся тут жыць. А гэта значыць ствараць новыя працоўныя месцы, будаваць жыллё, аб'екты сацкультбыта.

Добрым падспор'ем усяму гэтаму стане тое, што праз тры гады, у 2021-м, у Шуміліне пройдуць абласныя «Дажынкі». Пра гэта на сесіі абвясціў Мікалай Шарснёў, падкрэсліўшы пры гэтым, што пры падрыхтоўцы да правядзення свята працаўнікоў вёскі трэба даведацца меркаванне людзей, якія аб'екты неабходна прывесці ў парадак у першую чаргу. І да працы прыступіць, засукавіўшы рукавы. Кіраўнік вобласці выказаў упэўненасць, што новы кіраўнік раёна справіцца з усімі задачамі.

"Віцебскія весці".