Мікалай Шарснёў прыняў удзел ва ўрачыстым пуску прыроднага газу ў Шайтараве
Віншаваць вяскоўцаў з доўгачаканай радаснай падзеяй прыехалі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар УП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань, старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар Марковіч.
На сённяшні дзень у нашай вобласці прыродны газ праведзены ва ўсе гарады і гарадскія пасёлкі, у 116 з 254 аграгарадкоў. Найбольш актуальнай застаецца газіфікацыя сельскай мясцовасці – гэта адна з задач Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”. Летась на гэтыя мэты Віцебшчыне было выдзелена 2,8 млн рублёў, агулам пабудавана 32 км газаправодаў.
Кошт праектавання і будаўніцтва газаразмеркавальных сетак для аграгарадка Шайтарава склаў 1,355 млн руб., агульная працягласць газаправода – 10,14 км.
Урачыстае запальванне факела на плошчы перад будынкам Шайтараўскага сельсавета сабрала шматлікіх мясцовых жыхароў і гасцей пасёлка.
Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што прыродны газ прыносіць не толькі сорак у дамы, але і дае штуршок развіццю вытворчасці, стварэнню новых працоўных месцаў, у цэлым павышае прывабнасць тэрыторыі. Аграгарадок Шайтарава стане адной з кропак росту і будзе развівацца ва ўнісон з усім раёнам. Галоўная мэта пераўтварэнняў – ствараць годныя ўмовы для жыцця людзей, каб моладзь заставалася жыць і працаваць на роднай зямлі, прымнажаючы тое, што зрабілі бацькі.
Працягнулася свята на сцэне мясцовага Дома культуры ўручэннем узнагарод і канцэртнай праграмай у выкананні творчых калектываў УП “Віцебскаблгаз”.
Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў уручыў дырэктару ўпраўлення «Полацкгаз» Аляксею Кавалёву, Падзяку старшыні аблвыканкама — галоўнаму інжынеру ўпраўлення «Віцебскаблгаз» Васілю Гласко. Ганаровым дыпломам і нагрудным знакам аблвыканкама за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну і ў сувязі з 80-годдзем Віцебшчыны ўзнагароджаны Пётр Шэршань.
З правядзеннем прыроднага газу, як адзначыла старшыня Шайцераўскага сельсавета Таццяна Разумная, вяскоўцы звязваюць вялікія надзеі. Ён будзе выкарыстоўвацца не толькі для прыгатавання ежы, але і ацяплення дамоў, значна спросціць гэты працэс і зэканоміць сродкі жыльцоў.
Падключэнне газавага абсталявання на свінаводчым комплексе дазволіць павялічыць аб'ём вытворчасці і рэалізацыі свініны на 500 тон з адначасовым ростам выручкі ў памеры 1 млн 200 тыс. рублёў. Пры выкарыстанні газу на сушцы збожжа эканомія складзе мінімум 30%, або 100 тыс. руб. штогод. А развіццё вытворчасці абярнецца вялікімі даходамі і рэалізацыяй дадатковых сацыяльных праграм для ўсіх катэгорый грамадзян.
- З нашым калектывам можна горы звярнуць, і ў адказ на такі падарунак мы пастараемся не падвесці вобласць, яшчэ больш палепшыць вынікі працы, - падкрэсліў дырэктар ААТ «Шайцерава» Міхаіл Гумненкаў.
Цяпер на прыродны газ пераведзена 52 кватэры ў 7 жылых дамах аграгарадку Шайцерава. А ў перспектыве газіфікацыя закране 230 аднакватэрных дамоў, 2 збожжасушыльныя комплексы, камбікормавы завод, свінаводчы комплекс, суседнія населеныя пункты Прудзінкі і Валынцы.
На даступнасць прыроднага газу для жыхароў сельскіх населеных пунктаў накіраваны нормы Указа Прэзідэнта №368, згодна з якім для спажывецкіх кааператываў па газіфікацыі прадугледжана падтрымка дзяржавы на суму да 70% ад кошту работ. Акрамя таго, грамадзяне могуць скарыстацца ільготнымі крэдытамі “Беларусбанка” на тэрмін да 2 гадоў пад 3% гадавых. У аграгарадку Шайцерава створаны кааператыў на 49 дамоў.
Сёлета Верхнядзвінск стане сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі», у сувязі з чым атрымае дадатковыя магчымасці для будаўніцтва аб'ектаў і добраўпарадкавання тэрыторый. Кіраўнік выканаўчай улады раёна Ігар Марковіч падзякаваў кіраўніцтва вобласці за давер і паабяцаў падрыхтавацца да свята годна.