Мікалай Шарснёў: «Прадукцыя лесаперапрацоўкі — тое, з чым мы можам пастукацца ў Еўрасаюз»
Еўрапейскі рынак для вытворцаў прадукцыі прывабны тым, што разлікі ажыццяўляюцца ў валюце, якая неабходна нашай эканоміцы. Аднак для прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі і прамысловасці ён пакуль недаступны па шэрагу прычын. Затое адкрыты для тавараў лесаперапрацоўкі, і гэты шанец трэба выкарыстоўваць, сканцэнтраваўшы намаганні на экспарце прадукцыі з дабаўленай вартасцю. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў у ходзе пасяджэння аблвыканкама, на якім разглядаліся вынікі працы лесагаспадарчай галіны. Кіраўнік вобласці перакананы, што і ў цэлым, нягледзячы на вялікую колькасць задач, якія стаяць перад Віцебскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб'яднаннем, пры іх выкананні трэба, у першую чаргу, як і ўсім суб'ектам гаспадарання, думаць аб эканамічным эфекце. І перспектывы ў гэтым напрамку маюцца.
На сённяшні дзень у вобласці плошча ляснога фонду складае 1 млн 600 тыс. квадратных метраў, якія знаходзяцца ў веданні 19 лесгасаў. Як паведаміў генеральны дырэктар Віцебскага ДВАЛПА Сяргей Даніловіч, у цэлым за 9 месяцаў бягучага года выконваюцца ўсе паказчыкі дзяржаўных і галіновых праграм. Актывізаваўся такі напрамак, як развіццё дрэваводчых гаспадарак, што дазволіла не толькі забяспечыць сябе пасадачным матэрыялам для аднаўлення лясоў, але і павялічыць даходы ад продажу саджанцаў як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. За 2015-ы выручка ад рэалізацыі пасадачнага матэрыялу склала 8,9 млрд, з іх 5,6 млрд прынёс экспарт, які ажыццяўляўся ў Расію, Латвію і Швецыю.
Адным з крыніц даходаў – вядзенне паляўнічай гаспадаркі, чым займаюцца 16 лесгасаў. Плошча арандаваных паляўнічых угодзяў складае 528 тыс. га, у шэрагу рэгіёнаў створаны паляўнічыя комплексы, якія наведваюць у тым ліку замежныя турысты. За 9 месяцаў 2015 г. на гэтым зарабілі 2,5 млрд рублёў пры плане 1,1 млрд, у тым ліку 782 млн за кошт замежнага паляўнічага турызму.
І ўсё ж асноўны рэзерв для папаўнення скарбонкі – вытворчасць, тым больш што для гэтага ў лясгасах маецца ўласная сыравіна. У апошнія гады правялі перааснашчэнне лесанарыхтоўчай тэхнікі, што дазволіла павялічыць аб'ём нарыхтоўкі драўніны. У адпаведнасці з па дпраграмай «Вітдрэўмэбля» Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011 – 2015 гады ажыццявілі мадэрнізацыю ў цэхах дрэваапрацоўкі ў некалькіх лясгасах, арганізавалі вытворчасць па выпуску паліўных гранул, пелет у Бегамльскім, паліўных брыкетаў у Суражскім, паліўнай шчэпы ў Аршанскім, Полацкім, Расонскім, Талачынскім, Ушацкім лясгасах. У цяперашні час вядзецца мадэрнізацыя перапрацоўчых цэхаў у Лепельскім і Пастаўскім. Гэта дазволіць нарошчваць выпуск піламатэрыялаў. Несумненны плюс і ў тым, што адходы дрэваапрацоўкі таксама ідуць у справу і ператвараюцца ў мясцовыя віды паліва, пастаўляюцца адпаведным арганізацыям. Хоць, як адзначыў Сяргей Данілавіч, на сённяшні дзень маюцца праблемы з рэалізацыяй шчэпы і разлікамі за яе, у першую чаргу, гэта запазычанасць прадпрыемстваў ЖКГ.
У выніку за 9 месяцаў 2015-га выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг склала 642 млрд рублёў, або 101% да плана. Нягледзячы на станоўчыя вынікі, кіраўнік Віцебшчыны лічыць, што яны маглі быць значна лепш, бо лясная гаспадарка мае каласальныя перавагі і вялікія рэзервы.
– Адзін з важных напрамкаў – павелічэнне экспарту лесапрадукцыі. Аналіз лічбаў паказвае, што рэнтабельнасць экспарту вышэй, чым ад рэалізацыі на ўнутраны рынак. Тым больш што гаворка ідзе пра еўрапейскі рынак, гэта значыць пра атрыманне валюты. Гэта вельмі выгадныя, незвычайна спрыяльныя ўмовы. У вас свая сыравіна, дзякуючы перапрацоўцы атрымліваецца ў два разы вышэй дададзеная вартасць, чым пры продажы круглай драўніны. Таму цэхі па перапрацоўцы павінны працаваць у тры змены. Плюс прадаеце шчэпу і апілкі, якія застаюцца. Трэба павялічваць аб'ёмы вытворчасці, у вас каласальныя рэзервы, можаце зарабляць больш, – перакананы Мікалай Шарснёў.
Акрамя таго, насцярожвае той факт, што ў бягучым годзе ў параўнанні з папярэднім некаторыя лясгасы знізілі аб'ёмы лесанарыхтовак (Лёзненскі, Талачынскі, Ушацкі, Шумілінскі) і паменшылі аб'ёмы перапрацоўкі драўніны (Глыбоцкі, Дзісненскі, Полацкі, Пастаўскі, Расонскі, Суражскі, Талачынскі, Ушацкі). У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама даручыў прааналізаваць усе наяўныя магутнасці ў цэхах падраздзяленняў ГПЛХА і прадумаць варыянты росту аб'ёмаў вытворчасці. Акрамя таго, ён нагадаў, што павелічэнне выручкі ад рэалізацыі тавараў на экспарт – гэта шлях павышэння зарплаты супрацоўнікам лесааб'яднання, якая цяпер ледзь больш за 5 млн і ў параўнанні з мінулым годам практычна не змянілася.
Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці».