Мікалай Шарснёў правёў урачысты прыём ветэранаў ВАВ
Сустракалі і суправаджалі ганаровых гасцей юныя актывісты Саюза моладзі на чале з першым сакратаром Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаславам Хролам. Цёплыя словы прагучалі пра кожнага запрошанага ветэрана.
– У 74-ы раз мы адзначаем Вялікую Перамогу. Сёння тут сабраліся тыя, хто гераічна прайшоў доўгімі дарогамі вайны, не зламаўся і выстаяў. Нізкі вам паклон за мужнасць і гераізм, за заваяваную вамі Перамогу і мір на зямлі. Дзякуючы вам, відавочцам тых далёкіх падзей, сёння мы ведаем праўдзівую гісторыю вайны, – звярнуўся да ветэранаў вайны Мікалай Шарснёў.
Віцяблянін Аркадзь Аднарукаў у рады Чырвонай арміі быў прызваны ў 1944 годзе. Праходзіў навучанне на базе Гарахавецкага навучальнага цэнтра, затым радавы артылерыст 1-га Украінскага фронту прыбыў на фронт. Быў старэйшым тэлефаністам і забяспечваў сувязь пры любых умовах. Парадны пінжак Аркадзя Мікалаевіча упрыгожваюць ордэны Славы III ступені, Айчыннай вайны II ступені, медалі «За адвагу», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.». У мірны час герой вайны працаваў бухгалтарам у розных установах, пасля выхаду на пенсію працаваў у гаспадарчым упраўленні аблвыканкама.
Франтавік Мікалай Жарыкаў у дзеючай арміі служыў з 1943 па 1950 год, прайшоў 2-і Далёкаўсходні фронт. Пазней скончыў медінстытут, працаваў галоўным санітарным урачом у Лёзненскім раёне, займаў пасаду галоўнага эпідэміёлага аддзела аховы здароўя аблвыканкама, працаваў урачом у абласной санэпідстанцыі. У маладосці на матацыкле аб'ехаў усю Прыбалтыку. Сёння, нягледзячы на салідны ўзрост, а 9 мая гэтага года, як раз у Дзень Перамогі ён адзначае 93-годдзе, ветэран вайны па-ранейшаму ў страі.
– У цяжкі час вайны мы не думалі пра цяжкасці, а абаранялі сваю краіну, – сказаў Мікалай Ігнатавіч. – Радасна, што сёння прадстаўнікі ўлады і моладзь пра нас не забываюць, клапоцяцца. Гераізм і подзвігі нашых землякоў, якія змагаліся за Радзіму, павінны застацца ў памяці як прыклад для наступных пакаленняў.