Мікалай Шарснёў разгледзеў некалькі дзясяткаў зваротаў падчас «прамой тэлефоннай лініі», большасць з іх – аб рабоце ЖКГ
Традыцыйна перад пачаткам зносін кіраўніка вобласці з жыхарамі Віцебшчыны была агучана інфармацыя аб тым, што зроблена пасля папярэдняй «прамой лініі». Тады паступіла 24 звароты, з іх 9 скаргаў. Тры, якія датычацца работы ЖКГ, прызнаны абгрунтаванымі, недахопы былі ўстараняны, а вінаватыя асобы прыцягнуты да адказнасці. Выкананне астатніх даручэнняў застаецца на кантролі.
Назіраецца зніжэнне колькасці зваротаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэта сведчыць аб тым, што многія пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні. Але, на жаль, ёсць прыклады, калі людзі праходзяць розныя інстанцыі са сваімі бядамі і вымушаны тэлефанаваць кіраўніку вобласці з нагоды праблем, якія павінны былі б устранiць па званку ў службу «115» або ў майстэрскі ўчастак ЖЭУ.
Менавіта з такой скаргай звярнулася жанчына, якая пражывае ў Віцебску на вуліцы Герцэна, 6. З жніўня ў яе кватэры ў туалеце са стояка цячэ вада.
– Куды я толькі не звярталася – у ЖЭУ, ЖРЭТ, некалькі разоў тэлефанавала па тэлефоне «115». Заяўкі прымаюць, а вада цячэ. Плакаць хочацца, – наракае пенсіянерка.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў, які быў на відэасувязі падчас тэлефоннага званка, паабяцаў, што брыгада ў тэрміновым парадку паедзе па адрасе і разбярэцца.
– Трэба не разбірацца, а не дапускаць такіх выпадкаў, – звярнуўся Мікалай Шарснёў да мясцовых улад і адпаведных службаў.

Пакуль жа давядзецца сур'ёзна разбірацца, чаму вось ужо пяць гадоў падчас дажджоў залівае пад'езд дома на вуліцы Пятруся Броўкі, 7, корпус 3. Камунальнікі, са слоў жанчыны, разводзяць рукамі, а электрыкі папярэджваюць, што ў пярэднім пакоі нельга ўключаць святло, бо вада цячэ прама з патрона.
– У доме сырасць, цвіль. Нам адказваюць, што выплацілі страхоўку. А жыльцам не гэта трэба, а каб сухо было, – распавядае гаспадыня кватэры.
На сёлетняй «прамой лініі» большасць званкоў тычыліся незадавальняючай працы жыллёва-камунальных службаў як у абласным цэнтры, так і ў раёнах.
Так, пенсіянерка з Сенна скардзілася на працу дворнікаў. Не дачакаўшыся, калі ЖЭУ скасіць траву, жыхары зрабілі гэту працу за іх, а потым не маглі дамагчыся, каб вывезлі кучы.
Пажылая жанчына, якая пражывае ў абласным цэнтры на вуліцы Смаленскай, вымушана звярнуцца да старшыні аблвыканкама з тым, каб паставілі лаўку каля пад'езда і ўсталявалі штангу для выбівання дываноў. Не спяшаюцца камунальнікі прыбраць будаўнічы смецце, якое засталося пасля ўстаноўкі кантэйнернай пляцоўкі. Па гэтых пытаннях пенсіянерка звярталася ў службу «115», у ЖЭУ, але, як кажа прыказка, «ваз і цяпер там».
Падобныя скаргі, як адзначыў Мікалай Шарснёў, патрабуюць звярнуць увагу на падбор кадраў у арганізацыі жыллёва-камунальнай сферы. Бо гэтая служба наўпрост працуе з людзьмі і павінна пісьменна і своечасова адгукацца на іх звароты. Галоўнае – працаваць сістэмна, а не ад аднаго авральнага выпадку да іншага. Выразна ведаць, дзе трэба ўсталяваць лавачкі каля пад'езда, дзе адрамантаваць пешаходныя дарожкі, дзе абсталяваць дзіцячыя ці спартыўныя пляцоўкі. Адна з надзённых праблем – асвятленне двароў. На цэнтральных вуліцах часам неабгрунтавана яркая ілюмінацыя, а ў дварах цемра, небяспечна дайсці да пад'езда.
На звароты жыхароў дамоў на вуліцы Гагарына старшыня аблвыканкама растлумачыў, што ў бліжэйшыя два гады плануецца прывесці ў парадак дамы, двары, абнавіць тратуары, у тым ліку прылеглыя да вуліцы Гагарына.
Падчас прамой лініі былі таксама закрануты праблемы стаматалагічнага абслугоўвання інвалідаў, якія самастойна не могуць прыехаць у клініку, закрыцця пошты ў аграгарадку Рудня Полацкага раёна, рамонту воданапорнай вежы ў вёсцы Яскаўшчына Талачынскага раёна, працы судовых выканаўцаў у Оршы.
Усе яны ўзяты на кантроль. У бліжэйшы час адпаведныя службы зоймуцца скаргай старшыні садаводчага таварыства «Прыазёрнае» на гаспадара ўчастка, які ператварыў сваю дачу ў звалку смецця.
Па некаторых скаргах на дрэннае ацяпленне кватэр прама падчас «прамой лініі» выехалі спецыялісты і высветлілі, што звароты жыльцоў неабгрунтаваныя. Гаспадары падпісалі акты, што пакаёвая тэмпература была вышэй за 20 градусаў.
Актуальнае для жыхароў гарадскіх ускраін пытанне – рух грамадскага транспарту. «Віцебскаблаўтатранс» часам без узгаднення з Віцебскім гарвыканкамам закрывае некаторыя рэйсы. У прыватнасці, у другой палове дня аўтобус №6 не ходзіць. Як падкрэсліў Мікалай Шарснёў, клапоцячыся пра скарачэнне выдаткаў, нельга дзейнічаць на шкоду людзям. Магчыма, замест вялікіх аўтобусаў трэба пускаць на «нерэнтабельныя» лініі маршруткі і закупляць такі транспарт.
– Трэба паважаць людзей, ставіцца з разуменнем да іх праблем. Бо ад гэтага залежыць імідж, аўтарытэт улады, – падвёў вынік Мікалай Шарснёў.
Даведка «ВВ»
Сёлета на прамыя лініі аблвыканкама паступіла 457 зваротаў, што на 8% менш, чым у 2020-м. У раёнах таксама назіраецца зніжэнне на 9% колькасці скаргаў людзей. Часцей за ўсё жыхары тэлефануюць па пытаннях працы ЖКГ (58% ад агульнай колькасці зваротаў), стану дарог (7%) і руху транспарту (6%).