Мікалай Шарснёў: развіццё прадпрыемстваў АПК прыярытэтна для Аршанскага раёна

Развіццё сельскай гаспадаркі прыярытэтна для Аршанскага раёна. Гэта адзначыў у гутарцы з журналістамі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, які правёў у Оршы нараду з актывам вобласці і раёна.

Абмяркоўваліся праблемы раёна, гаворка ішла пра шляхі вырашэння і прыярытэтныя напрамкі развіцця. Сваімі ідэямі дзяліліся прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў. "Як бы гэта ні дзіўна пры наяўнасці вялікай колькасці прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, але зараз асноўны валавы прадукт раёна фарміруюць якраз сельская гаспадарка і перапрацоўваючыя прадпрыемствы. Гэта мясакансервавы камбінат, малочны завод, ільнозавод і сыраробны завод. Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў складае 60% у агульным аб'ёме валавога прадукту. Гэтая лічба вельмі краснамоўна кажа пра тое, дзе прыярытэты", - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. Ён адзначыў, што стаўку трэба рабіць на тыя вытворчасці, якія даказалі сваю эфектыўнасць. Што тычыцца названых перапрацоўваючых прадпрыемстваў, то яны яшчэ далёка не вычарпалі свае рэзервы.

"Мясакансервавы камбінат загружаны толькі на 35%, малочны завод - крыху больш чым на 50%. Відавочна, што нам трэба развіваць сыравінную базу, нарошчваць вытворчасць мяса і малака, адначасова павышаючы эфектыўнасць вытворчасці", - дадаў губернатар. "Калі мы здолеем павялічыць аб'ёмы сыравіны для таго, каб на 100% загрузіць магутнасці перапрацоўваючых прадпрыемстваў, то адразу павялічым аб'ёмы вытворчасці на 19-20%. Гэта дастаткова высокая лічба", - канстатаваў Мікалай Шарстнёў.

На нарадзе перад актывам вобласці і раёна была пастаўлена задача дасканала разабрацца ў праблемах кожнай канкрэтнай вытворчасці. Больш за ўсё пытанняў назапасілася на прадпрыемствах рэспубліканскай формы ўласнасці. "На жаль, з гэтымі прадпрыемствамі нам працаваць значна складаней. Гэта абумоўлена тым, што тэрытарыяльна яны нашы, а па сутнасці, уласнікі - профільныя Міністэрствы. У асноўным гэта прадпрыемствы Мінпрама і Мінбудархітэктуры. Таму мы выйшлі на ўрад з прапановай перадаць дадзеныя прадпрыемствы ў камунальную форму

уласнасці. Хтосьці ж павінен узяць на сябе адказнасць за рашэнні, якія будуць прымацца\", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. 

Ён адзначыў, што гэтая ініцыятыва нарадзілася не спантанна, да такога высновы кіраўніцтва аблвыканкама прыйшло пасля сур'ёзнага абмеркавання. \"Тут, на месцы, мы зможам вырашаць праблемы нашых прадпрыемстваў больш аператыўна і эфектыўна\", - упэўнены губернатар. Мікалай Шарстнёў адзначыў, што зараз самае галоўнае - вызначыцца, якім шляхам пайсці, як увасобіць у жыццё планы, праекты развіцця і мадэрнізацыі. Шукаць рашэнні складаных пытанняў аблвыканкам будзе разам з урадам. \"Нам трэба падысці да справы так, каб мадэрнізацыя закранула кожнае прадпрыемства, Аршанскі раён моцна стаў на ногі, жыхары атрымалі годны заробак, але перш за ўсё ў іх была магчымасць працаваць. А пакуль у Аршанскім раёне ёсць праблема з працаўладкаваннем. Таму на працягу месяца мы шчыльна адпрацуем з усімі міністэрствамі і ведамствамі праблемныя пытанні і будзем шукаць шляхі іх вырашэння\", - рэзюмаваў кіраўнік вобласці. 

Зараз у Аршанскім раёне ўзровень беспрацоўя складае 1,6% - гэта самы вялікі паказчык у рэгіёне. Сярэдні заробак - каля Br580. Пры гэтым патэнцыял раёна - адзін з самых высокіх у вобласці, і ён можа стаць адным з лепшых у краіне. Як паведамлялася, у маі ўрад правядзе ў Аршанскім раёне выязное пасяджэнне, на якім будуць дэталёва разгледжаны праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Алена Ціханава - БЕЛТА.