Мікалай Шарснёў: рэканструкцыя вуліцы Гагарына ў Віцебску будзе весціся кругласутачна
Маштабная рэканструкцыя вуліцы Гагарына вядзецца з канца ліпеня мінулага года. Нарматыўны тэрмін выканання работ - больш за 20 месяцаў, але работы ідуць з апярэджаннем на цэлы год. Аблвыканкам узяў на сябе абавязацельства здаць аб'ект да сёлетняга юбілейнага, трыццатага, фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
"Мы ўзялі на сябе абавязацельствы на працягу года весці гэты аб'ект і павінны быць верныя сваім абяцанням. Асноўныя работы ўжо выкананы. Самыя вялікія цяжкасці ўзніклі з вынясеннем сетак (каналізацыя, электразабеспячэнне і газазабеспячэнне, вонкавае асвятленне, святлафорнае рэгуляванне і гэтак далей) і немагчымасцю стварыць аб'ездную дарогу і пусціць транспарт па іншай лініі. Таму даводзілася часткамі выносіць сеткі і пускаць транспарт па адрамантаваных участках. У зімовы час страцілі каля паўтара месяца ў маразы: не маглі па нарматывах пракладваць кабелі. Цяпер рэканструкцыя выйшла на фінальную стадыю. І мы прынялі рашэнне, што работы на вуліцы Гагарына будуць весціся ў кругласутачным рэжыме, каб за два месяцы выканаць астатнія работы", - распавёў кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарстнёў дадаў, што вуліца Гагарына будзе ўяўляць сабой сучасны праспект і, магчыма, будзе насіць гэту назву. Тут будуць пушчаны новыя бескантактныя тралейбусы замест трамваяў, а праезная частка будзе мець па тры палосы ў абодвух напрамках. Таксама другім этапам стане добраўпарадкаванне жылых дамоў і ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. "Будзем старацца асучасніць вуліцу і, магчыма, перайменаваць яе ў праспект. Для гэтага трэба будзе прывесці ў парадак жылы комплекс. Вуліца будавалася ў 1950-я гады, дамы ўжо састарэлі, патрэбны бягучы і капітальны рамонт, нешта трэба і зносіць. Таму будзе распрацавана асобная праграма па добраўпарадкаванні", - распавёў ён.
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што зэканомленыя на рэканструкцыі вуліцы Гагарына рэспубліканскія сродкі са згоды Прэзідэнта могуць накіраваць на новыя аб'екты горада. "Пасля завяршэння рэканструкцыі вуліцы Гагарына мы звернемся да Прэзідэнта за дазволам пачаць на зэканомленыя грошы чарговы сур'ёзны праект па рэканструкцыі вуліц у Віцебску", - сказаў Мікалай Шарстнёў.