Мікалай Шарснёў: у 2020 годзе ў Віцебскай вобласці плануецца рэканструкцыя не менш за 180 аб'ектаў АПК
Вынікі работы Аршанскай інтэграцыйнай структуры за 2019 год падвялі на пленарным пасяджэнні.
Аб тым, што ў разрэзе структуры прасочваецца станоўчая дынаміка, расказаў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Аршанскі КХП» Максім Бакураў:
– Валавая вытворчасць за 2019 год склала 103%. Спрацавалі з плюсам, хоць і не тым, якога чакалі. Тэмп росту на 2020 год павінен быць не менш за 110%. Цяпер самае галоўнае, на што нацэлівае нас старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, – стварэнне аптымальных умоў для жывёлагадоўлі. Вялікая праца ў гэтым напрамку вялася і ў мінулым годзе. Гэта тычыцца перш за ўсё будаўніцтва і рэканструкцыі жывёлагадоўчых будынкаў і памяшканняў, ферм. У 2020-м маем намер пабудаваць з драўляных канструкцый гаспадарчым спосабам не менш чатырох збудаванняў, пераабсталяваць 19 памяшканняў з найменшымі затратамі.
Максім Бакураў адзначыў, што 2019-ы – гэта год станаўлення інтэграцыйнай структуры.
– У кожным моманце праглядаецца станоўчая дынаміка, – падкрэсліў ён. – Гэта і будаўніцтва, і эфектыўнасць вытворчасці. У структуры ўсё звязана – вытворчасць збожжа, атрыманне камбікармоў, вырошчванне прадукцыі, якая пасля перапрацоўкі паступае ў свае ж гандлёвыя сеткі. Мы замкнулі цыкл, і лепшага пакуль ніхто не прыдумаў. Сёлета чакаем ужо больш значную дынаміку.
Працягваючы тэму, Мікалай Шэрстнёў адзначыў, што на Віцебшчыне ў 2020-м плануецца рэканструяваць не менш за 180 аб'ектаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, бо вельмі шмат неэксплуатаваных памяшканняў, якім 30 гадоў і больш. Для гэтага будзе распрацавана праграма для кожнага раёна і кожнай сельгас арганізацыі.
– Сітуацыя няпростая, – канстатаваў кіраўнік вобласці. – Тэхналагічнага ўтрымання жывёлы, неабходнай прадукцыйнасці дамагчыся не можам, таму зрабілі пэўныя высновы на атрыманым вопыце ў асобных сельскагаспадарчых структурах.
Мікалай Шэрстнёў падкрэсліў, што за кошт хуткага, таннага, якаснага будаўніцтва старыя памяшканні трэба прывесці ў тэхналагічны стан, стварыць умовы, каб атрымаць максімальную эфектыўнасць і так пераламіць сітуацыю.
У сваю чаргу міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько адзначыў, што эканоміка ў сельскай гаспадарцы – перш за ўсё.
– Кіраўніцтвам Віцебскай вобласці правільна ставіцца акцэнт на тэхналогіі – у ёй аснова, – абазначыў кіраўнік ведамства. – На Віцебшчыне ёсць шмат станоўчых прыкладаў, якія характарызуюць яе магчымасці. І тое, што мы можам зрабіць сёння з мінімальнымі затратамі, трэба рабіць – рэсурсы ёсць. Рэканструкцыя старых памяшканняў або будаўніцтва хуткаузводзімых аб'ектаў лагічна і мае станоўчы вопыт у іншых рэгіёнах краіны.
Невыпадкова яшчэ адной тэмай для абмеркавання сталі тыпы і віды канструкцый пры мадэрнізацыі, рэканструкцыі, узвядзенні памяшканняў для ўтрымання КРС.
Пра тое, якія канкрэтныя крокі робіць па будаўніцтве і рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб'ектаў Аршанскі раён, паведаміў старшыня райвыканкама Ігар Ісачэнка.
– Мы замацавалі арганізацыі рэгіёна для аказання дапамогі гаспадаркам у будаўніцтве, аднаўленні жывёлагадоўчых памяшканняў шляхам спонсарскай падтрымкі, выдзялення будаўнічых брыгад, тэхнікі і матэрыялаў. Праведзена інвентарызацыя ўсіх аб'ектаў раёна. Па яе выніках мы вызначылі, што неабходна рэканструяваць 16 аб'ектаў і пабудаваць 14 новых.
Кіраўнік раёна абазначыў, што гэтая праца пачалася летась, і ў гэтым напрамку шмат зроблена.
Напрыканцы канструктыўнага размовы памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў:
– Горш за ўсё – чакаць і даганяць. Гэта датычыцца Віцебскай вобласці, якая вымушана даганяць Брэсцкую, Гродзенскую, Мінскую ў частцы будаўніцтва жывёлагадоўчых аб'ектаў. І тое, на што вас цяпер арыентуе кіраўнік аблвыканкама, – правільны крок. А кожнаму са старшынь райвыканкамаў трэба сёння звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю ў сельгаспрадпрыемствах. Бо ў некаторых з іх не выплачваецца заработная плата, а гэта ваша задача №1. Вы разам з кіраўнікамі гаспадарак павінны быць на фермах і разбірацца, наводзіць парадак.
Удзельнікі абласнога выязнога пасяджэння пабывалі на жывёлагадоўчых аб'ектах Аршанскага, Талачынскага і Дубровенскага раёнаў, вывучылі, як на практыцы зрабіць таннейшым будаўніцтва, паглядзелі віды канструкцый.
Так, на малочнатаварнай ферме ў в. Рамашкава Талачынскага раёна прадэманстравалі два новыя прафілакторыі для ўтрымання цялят. Кіраўніцтва гаспадаркі пісьменна падышло да пытання ўцягвання ў гаспадарчы абарот старых невыкарыстоўваемых памяшканняў. Цяпер гэта вентыляваныя, сухія і камфортныя для цялят прафілакторыі на базе драўляных канструкцый. Для кожнага цяля – індывідуальны станок на насцільных высокіх падлогах, а не на бетоне. Як вынік – 100% захаванасць і месячныя прывагі ў 850 г.
– Вось такое можа зрабіць кожны, – сказаў Мікалай Шарснёў. – Патрэбны толькі жаданне, дошка, шыфер і рукі.
Жывёлагадоўчыя памяшканні з лёгкіх канструкцый прадэманстравалі ва УП «Надзежына» Талачынскага раёна. Прыстасаваныя збудаванні, пабудаваныя гаспадарчым спосабам, паглядзелі ў ААТ «Задров'е», УП «Задняпроўскі», СХФ «ім. Смірнова» Аршанскага і Дубровенскага раёнаў.
Падводзячы вынікі нарады, старшыня аблвыканкама яшчэ раз падкрэсліў, што за кошт хуткага і таннага будаўніцтва можна і трэба пераламіць сітуацыю не толькі ў жывёлагадоўлі, але і ў цэлым у эканоміцы сельскай гаспадаркі.
– Трэба падысці комплексна і на працягу гэтага года, не пазней, зняць праблему, – канстатаваў кіраўнік вобласці. – Павялічыць колькасць буйной рагатай жывёлы, тэхналагічныя прывагі, валавую вытворчасць прадукцыі. Будзе загрузка перапрацоўчых заводаў, адпаведна, палепшацца эканоміка і сувязь вытворцы і перапрацоўшчыка.