Мікалай Шарснёў уручыў узнагароды лаўрэатам прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2017»
Павіншаваць Прыдзвінскі край з юбілеем прыехалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, старшыня праўлення Нацбанка Павел Каллаур, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, ганаровыя госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, Смаленскай, Пскоўскай, Саратаўскай і Бранскай абласцей.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Уладзімір Андрэйчанка агучыў Падзяку Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі працаўнікам Віцебшчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння вобласці. А істотным падарункам да юбілею стала выдзяленне са сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта мільёна рублёў на фінансаванне ў 2018 годзе рэканструкцыі корпуса абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера.
– Гэтая ўзнагарода – высокая ацэнка працы многіх пакаленняў працаўнікоў. 80 гадоў – гэта не проста круглая дата, а напамін аб тым, што Віцебская вобласць мае вялікую гісторыю, багатыя духоўныя і культурныя традыцыі. Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца і ў прамысловым, аграрным сектары, сацыяльнай сферы, але самае вялікае здабытак – выдатныя людзі, якія працуюць на гэтай старажытнай зямлі. Людзі працавітыя, прадпрымальныя, таленавітыя і гасцінныя, якія любяць свой край, – сказаў Уладзімір Паўлавіч.
Уладзімір Андрэйчанка таксама ўручыў старшыні аблвыканкама Мікалаю Шарснёву Ганаровую грамоту Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якой узнагароджана Віцебская вобласць.
– Гісторыя вобласці – гэта не толькі яе найноўшыя старонкі, напісаныя за восем дзесяцігоддзяў, але і багатая панарама мінулых стагоддзяў. 80-гадовы юбілей –
пэўная веха, калі можна ўбачыць, чым жыў рэгіён учора, і што трэба зрабіць, каб заўтра жыццё стала лепш, – падкрэсліў у сваім выступленні Мікалай Шарснёў.
Кіраўнік рэгіёну асабліва падзякаваў ранейшым кіраўнікам вобласці і ўручыў Ганаровыя дыпломы і знакі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Кулакову, Уладзіміру Андрэйчанку, Аляксандру Косінцу.
Ён таксама назваў імёны тых, хто працаваў у свой час на адказных пасадах у дзяржаўных і партыйных органах і ўнёс істотны ўклад у развіццё прыдзвінскага краю, – Уладзіміра Грыгор'ева, Аляксандра Ацясава, Пятра Рубіса, Уладзіміра Лабанка, Сяргея Кабяка, Сяргея Шабашова, Івана Шыбеку, Аляксандра Аксёнава, Яўгена Емяльянава.
Так супала, што ў рамках святкавання 80-годдзя вобласці праходзіла дзясятая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў конкурсу «Чалавек года Віцебшчыны». Таксама круглая дата. Сёлета колькасць узнагароджаных скарацілася да 50 чалавек (у ранейшыя гады было 100) і замест 20 намінацый засталося толькі пяць, якія аб'ядноўваюць усе галіны народнай гаспадаркі. Новы фармат запатрабаваў больш дбайнага разгляду кандыдатур, якія прадставілі ўсе раёны вобласці, і тыя, хто апынуўся ў узнагародных спісах, – самыя годныя.
Напрыклад, дырэктар наваполацкага біямехзавода бытавых другасных рэсурсаў Сяргей Сямёнычаў з Наваполацка, які ўкараняе на вытворчасці перадавыя тэхналогіі, што дазваляюць са смецця вырабляць патрэбную прадукцыю. У нафтаградзе ўпершыню сталі ўжываць для збору цвёрдых бытавых адходаў падземныя кантэйнеры.
Сярод узнагароджаных і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 Наваполацка Святлана Румянцава, якая летась перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года Беларусі».
Адзначаны камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Лепельскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Хамічонак, які адзначыўся пры выратаванні людзей у дарожна-транспартным здарэнні. А вось спартсменка Ірына
Кривко не змагла прыйсці за ўзнагародай, яна ў складзе Нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне знаходзіцца ў сталіцы Алімпіяды – карэйскім Пхенчхане. Дарэчы, на Гульнях за нашу краіну будуць выступаць пяць прадстаўнікоў Віцебшчыны.Мікалай Шарснёў, папярэджваючы цырымонію ўзнагароджання, адзначыў, што жыхары Віцебшчыны заўсёды былі годнымі працаўнікамі і абаронцамі Айчыны, славілі свой край мірнымі і ратнымі справамі. Наша зямля ўзгадавала 312 Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы, Герояў Беларусі, Герояў Расійскай Федэрацыі і поўных кавалераў ордэнаў Славы і Працоўнай Славы.
Сёння вобласць з'яўляецца развітым прамыслова-аграрным рэгіёнам. У нас выпрацоўваецца траціна ўсёй электраэнергіі краіны, забяспечваецца стопрацэнтны выпуск рэспубліканскага аб'ёму даламітавай мукі, вырабляецца больш за 90% ільняных тканін, полімераў этылену, дываноў і дывановых вырабаў, звыш 50% абутку.
Віцебшчына падтрымлівае знешнегандлёвыя адносіны са 110 дзяржавамі свету. За межы Беларусі адгружаецца больш за палову прадукцыі, якая выпускаецца ў вобласці. Вырабы з віцебскай маркай пастаўляюцца ў 90 краін. За мінулы год экспарт вырас у паўтара раза.
Павялічваюцца і аб'ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, ствараюцца буйныя холдынгі, якія вызначаюць шлях да прыбытковай працы аграрнага сектара, стабільнай вытворчасці экалагічна бяспечнага харчавання. У мінулым годзе адкрылася каля 300 прадпрыемстваў і вытворчасцей. На новыя працоўныя месцы занята 5,7 тыс. чалавек.
Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што пазітыўныя змены адбываюцца і ў рэальным сектары эканомікі, і ў сацыяльнай сферы. Штогод адкрываюцца новыя аб'екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, якія аснашчаны ў адпаведнасці з патрабаваннем часу. Асаблівая ўвага надаецца малым гарадам і пасёлкам, стварэнню ў іх спрыяльных умоў для жыцця. Агарадок Копысь стаў эталонам для падобных пераўтварэнняў. Плануецца штогод уладкоўваць па два населеных пункты, у гэтым годзе вялікія работы будуць праведзены ў Езярышчы Гарадоцкага і Балбасава Аршанскага раёнаў.
На рэканструкцыю, мадэрнізацыю і будаўніцтва аб'ектаў аховы здароўя вобласцю накіравана ў 2017 годзе 40 млн рублёў. Палова бюджэтных сродкаў зрасходавана на сучаснае медыцынскае абсталяванне. Завершана мадэрнізацыя практычна усіх цэнтральных раённых бальніц. У рэгіёне створана цэласная сістэма аздараўленчых мерапрыемстваў. У многіх райцэнтрах адкрыты фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, басейны.
– Прафесіяналы – залаты фонд краю. Наша агульная мэта – замацаваць станоўчыя тэндэнцыі развіцця рэгіёна, зрабіць яго квітнеючым і шчаслівым, – падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Традыцыйна ўшанаванне людзей, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, асабістымі якасцямі заслужылі павагу і вядомасць у грамадстве, проходзіць у пачатку года. Гэта добры знак да старту чарговага этапу развіцця рэгіёна, і самыя годныя прадстаўнікі розных прафесій сваім прыкладам заражаюць іншых на новыя здзяйсненні.
Завяршыліся ўрачыстасці святочным канцэртам лепшых мастацкіх калектываў вобласці. Удзельнікі і госці мерапрыемствамі змаглі таксама пакаштаваць прадукцыю вядучых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, у прыватнасці, верхнядзвінскія сыры, міёрскія каўбасы, віцебскае малако, полацкія гарачыя бліны і іншыя дэлікатэсы.
Таццяна Пастэрнак, фота Дзмітрыя Осіпава, «Віцебскія весці».