Мікалай Шарснёў уручыў узнагароды лаўрэатам прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2018»
– Штогод, стараючыся нікога не пакрыўдзіць, мы выбіраем лепшых з лепшых. Сёлета ў 10-ы раз ушаноўваем уладальнікаў звання «Чалавек года Віцебшчыны», за час яго ўладальнікамі стала тысяча чалавек. Гэта нашыя самыя годныя людзі, прадстаўнікі ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства: паважаныя перадавікі вытворчасці, таленавітая моладзь, выдатныя спартсмены. Сімвалічна, што ўзнагароды яны атрымліваюць на мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню 100-годдзя ўтварэння БССР. Гэта дае нам магчымасць яшчэ раз успомніць і тых, хто стаяў ля вытокаў, хто тварыў гісторыю нашай краіны, – падкрэсліў Мікалай Шарснёў.
Па выніках працы за 2018 год адзначаны 50 чалавек, сярод якіх і кіраўнікі буйных вытворчасцей, і простыя працаўнікі, чые дасягненні і поспехі дазволілі прымкнуць да кагорты тых, каго па праву называюць гонарам і здабыткам Віцебшчыны.
На сцэне Канцэртнай залы «Віцебск» узнагароду атрымалі электрагазазваршчык «Нафтана» Дзмітрый Дашчанок, які на рэспубліканскім прафесійным спаборніцтве прызнаны лепшым з больш чым двухсот удзельнікаў, і трактарыст-машыніст вытворчага філіяла «Заазер'е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Лепельскага раёна Леанід Аляксеенка, які першым у вобласці намалаціў тысячу тон збожжа і дамогся па выніках уборкі самага вялікага намалоту – 6346 тон.
– Званне «Чалавек года Віцебшчыны» – гэта самая высокая планка, якую неабходна захоўваць і далей. Гэта вынік шматгадовай працы не толькі майго асабіста, але і ўсяго нашага калектыву. Нам разам удалося многае зрабіць для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы нашай установы, пачынаючы ад набыцця мэблі, швейнай машынкі да бактэрыцыднага прамяня. Усё гэта дазволіла значна палепшыць жыццё нашых пражываючых, – расказала ўладальніца звання «Чалавек года Віцебшчыны–2018» загадчыца аддзялення Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дубровенскага раёна Людміла Шкурдзіна.
З тым, што ганаровае званне з'яўляецца найвышэйшай ацэнкай і прызнаннем заслуг не толькі кіраўніка, але і ўсяго прадпрыемства, калектыву ў цэлым, згодны і яшчэ адзін лаўрэат сёлетняга года генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз». Па выніках 2010 года Пётр Пятровіч ужо станавіўся «Чалавекам года Віцебшчыны», у 2018-м адзначаны яго заслугі ў сацыяльнай сферы. Ён кіраўнік, які шмат увагі надае рознабаковаму развіццю сваіх супрацоўнікаў.
– Культура – вельмі шырокае паняцце і не абмяжоўваецца толькі мастацкай самадзейнасцю, творчасцю. Мы гаворым і пра культуру земляробства, і пра стварэнне ўмоў для працы і адпачынку людзей, добраўпарадкаванне, стан вытворчых баз, працу з насельніцтвам, якасць абслугоўвання, – упэўнены Пётр Пятровіч.
Юбілейным, тысячным «Чалавекам года» стаў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Мікалай Тылец, якому Мікалай Шарснёў акрамя традыцыйнага дыплома і нагруднага знака ўручыў асаблівую грамату і памятны сувенір.
– Ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» – гэта знак высокай ацэнкі заслуг чалавека-творцы, адданага сваёй справе. Усіх вас аб’ядноўвае тое, што вы змаглі рэалізаваць сябе. Вашы таленты прыносяць карысць і грамадству, і дзяржаве. Сваёй працай кожны з вас пацвярджае ісціну: чалавек, які знайшоў сваё прызванне ў жыцці, здольны заваёўваць самыя высокія вяршыні. Вы – прыклад таго, наколькі значныя рэзервы для развіцця, з такім адказным стаўленнем да працы можна дасягаць маштабных прарываў, вырашаць амбіцыйныя і смелыя задачы, – падкрэсліў кіраўнік вобласці.
Віншуючы тых, хто сёння працуе на карысць роднай Віцебшчыны, Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што сумленная і добрасумленная праца, упартасць і майстэрства, талент фарміравалі аўтарытэт чалавека працы ва ўсе гістарычныя эпохі: як у перыяд станаўлення рэспублікі, так і ў цяперашні час.
Найважнейшымі з першых прамысловых новабудоўляў на Віцебшчыне ў перыяд станаўлення БССР былі абутковая фабрыка ў Віцебску (цяпер «Чырвоны Кастрычнік»), швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі», БелДРЭС у Арэхаўску пад Оршай, вапнавы завод, на базе якога ўзнікла прадпрыемства «Даламіт», Віцебскі станкабудаўнічы завод.
Новы імпульс атрымала беларуская нацыянальная культура: літаратура, выяўленчае мастацтва, тэатр. Менавіта ў той час Віцебск стаў горадам мастакоў, дзякуючы творчасці Юдэля Пэна, Марка Шагала, Казіміра Малевіча і створанаму 100 гадоў таму Віцебскаму народнаму мастацкаму вучылішчу. Стагоддзе адзначылі сёння і Віцебскі музычны каледж імя І. Салерцінскага, абласны краязнаўчы музей.
Падзея, якая на пэўны час прыпыніла інтэнсіўнае развіццё краіны і рэгіёна – Вялікая Айчынная вайна. Віцебшчына ад першага і да апошняга стрэлу аказвала супраціўленне агрэсару. На тэрыторыі вобласці дзейнічала траціна ўсяго складу беларускага партызанскага руху. Велізарную дапамогу партызанам аказвалі падпольшчыкі.
Узорам воінскага мастацтва стала наступальная аперацыя «Баграціён», якая дала старт вызваленню ад акупантаў. Подзвігі 148 землякоў адзначаны званнем Героя Савецкага Саюза. Навечна ў гісторыю ўвайшлі імёны лепшых нашых землякоў: Пятра Машэрава, Міная Шмырэва, Льва Даватара, Сяргея Грыцаўца, Аляксандра Гараўца, Канстанціна Заслонава, Аляксея Данукалава, Веры Харужай, Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, Зінаіды Парнавой.
– У пасляваенныя гады па крупіцах аднаўлялася тое, што разбурыла вайна, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч, дадаўшы, што летапіс працоўнай Віцебшчыны нельга ўявіць без знакамітых кіраўнікоў калгасаў, звянавых і брыгадзіраў палёў: Алега Валадзько, Меера Каца, Яўгена Кімстача, Максіма Клімёнка, Васіля Кудзіна, Эрнеста Лешнеўскага.
Прымнажалі славу роднага краю работнікі прамысловасці і будаўніцтва: Аляксандр Овечкін, Міхаіл Цітоў, Марыя Анібраева і многія іншыя. Велізарны ўклад у жыццё дзяржавы і грамадства ўнеслі выдатныя дзеячы мастацтваў, сярод якіх пляяда таленавітых аўтараў, нашых землякоў – Петрусь Броўка, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Успомніў Мікалай Шарснёў і выдатных кіраўнікоў Віцебшчыны – Уладзіміра Лабанка, Сяргея Кабяка, Пятра Рубіса, Івана Шыбеку, Сяргея Шабашова, Аляксандра Аксёнава, Уладзіміра Грыгор'ева, Аляксандра Ацясава.
– Віцебшчына памятае тых, хто стаяў ля вытокаў, і сёння ўпэўнена глядзіць у будучыню. З кожным годам узрастае інвестыцыйная прывабнасць нашага рэгіёну дзякуючы рэканструкцыі і тэхнічнаму перааснашчэнню прадпрыемстваў, выпуску новай прадукцыі, укараненню сучасных тэхналогій. Сярод рэалізаваных буйных праектаў – рэканструкцыя ўстаноўкі гідраачысткі на «Нафтане», мадэрнізацыя футравага камбіната ў Віцебску, будаўніцтва цэха на Глыбоцкім малочнакансервавым камбінаце і першай чаргі лагістычнага комплексу «Брэміна–Орша». У Талачынскім раёне за кошт сродкаў замежных інвестараў уведзена ў эксплуатацыю прадпрыемства па вытворчасці дацкай беконнай свініны. Сёлета на развіццё эканомікі вобласці плануецца накіраваць
2 мільярды 200 мільёнаў рублёў інвестыцый. Прыярытэтнымі будуць праекты па ўводзе ў эксплуатацыю новых тэхналагічных комплексаў на «Нафтане», завода па выпуску белай бляхі ў Міёрах, другой чаргі завода па вытворчасці гандлёвага і халадзільнага абсталявання «Мадэрн-Экспа», будаўніцтва трэцяй чаргі ільнокамбіната, буйных жывёлагадоўчых комплексаў і прамысловых аб'ектаў, – расказаў кіраўнік рэгіёну.
Ён таксама дадаў, што ў фокусе ўвагі застаецца і стымуляванне развіцця бізнесу, што спрыяе занятасці людзей і напаўненню бюджэту.
Пазітыўныя змены і ў сацыяльнай сферы Віцебшчыны – летась уведзены ў эксплуатацыю 20 аб'ектаў аховы здароўя. Завершана будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ў Міёрах, рэканструкцыя будынка тэрапеўтычнага корпуса гарадской бальніцы імя Семашкі ў Оршы, якія аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем. У найбліжэйшы час першых пацыентаў прыме новая паліклініка ў мікрараёне Юг-7 у Віцебску.
У Верхнядзвінску і Лёзне з'явіліся новыя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы. У Віцебску завершана будаўніцтва Цэнтра па скачках на батуце. Годна паўночны рэгіён краіны прадстаўлены і на міжнароднай спартыўнай арэне – мы ганарымся нашымі атлетамі: ураджэнкай Сенна Ірынай Крыўко, якая заваявала ў складзе жаночай эстафетнай каманды па біятлоне залаты медаль на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года ў Карэі, і наваполацкай Святланай Саханенка трохразовай чэмпіёнкай зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года па лыжных гонках.
У Год малой радзімы, роўняючыся на аграгарадок Копысь, пачалі пераўтварацца гарпасёлкі Балбасава Аршанскага і Езярышча Гарадоцкага раёнаў. У цэнтры ўвагі апынуцца Бегамль Докшыцкага і Богушэўск Сянненскага раёнаў.
Пры гэтым Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што гэтыя населеныя пункты не павінны быць тэрыторыямі кантрастаў, трэба навесці парадак паўсюдна, прычым не толькі сіламі мясцовай улады. Самі жыхары павінны падключыцца да гэтай працы, не толькі для сябе, але і дзеля падрастаючага пакалення. Прыкладам такога стаўлення да справы і з'яўляюцца ўладальнікі ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».
– Дарагія мае землякі, прыемна віншаваць і гаварыць добрыя словы падзякі лепшым з вас. Вы – эліта нашага грамадства, хай такіх людзей становіцца больш. Дзякуючы вам Віцебская вобласць становіцца лепш, праз вашы поспехі адбываецца сцвярджэнне нашага рэгіёну ў краіне, расце павага да ўсіх жыхароў Віцебшчыны, – заключыў Мікалай Шарснёў.