Мікалай Шарснёў уручыў пашпарты школьнікам Віцебскай вобласці ў рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!»

Николай Шерстнёв вручил паспорта школьникам Витебской области в рамках всебелорусской акции «Мы — граждане Беларуси!»
Напярэдадні Дня Канстытуцыі трынаццаці найбольш годным навучэнцам з розных рэгіёнаў Віцебшчыны ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

За некалькі хвілін да сустрэчы падлеткі дзяліліся сваімі эмоцыямі. Прызнаваліся, што хвалююцца перад атрыманнем галоўнага дакумента, з якім уступаюць у дарослае жыццё. Хоць, зыходзячы з паслужнога спісу рабят, усе яны не з нясмелых – перамагалі на прадметных алімпіядах, у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, удзельнічаюць у валанцёрскім руху. Напрыклад, навучэнец Полацкага кадэцкага вучылішча Уладзіслаў Трусевіч – кандыдат у майстры спорту, пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па кікбоксінгу, а Анастасія Прыбіткова з віцебскай СШ №5 – неаднаразовы лаўрэат конкурсу дзіцячых тэатраў моды. Мікіта і Данііл Дзятлоўскія з Оршы – выдатнікі вучобы. Браты-блізняты расказалі: калі даведаліся, што ім будзе ўручаць пашпарты кіраўнік вобласці, адразу падзяліліся радасцю з мамай. Хлопцы ганарацца, што выбралі іх. Яны пакуль яшчэ не вызначыліся з будучай прафесіяй, але адна дарослая мара ёсць – пабудаваць уласны дом.









– Цяпер вы паўнапраўныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Мы ўсе хочам, каб вы былі годнымі людзьмі. Вы ўжо праявілі сябе ў многіх напрамках. Жадаю вам не згубіцца ў жыцці. Любіце працу, тады будзеце запатрабаваны дзяржавай, – звярнуўся Мікалай Шарснёў да школьнікаў.

Пасля цырымоніі ўручэння пашпартоў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбылася размова па душах. Школьнікі задавалі пытанні, а кіраўнік вобласці шчыра на іх адказваў.


Сустрэчы з маладымі людзьмі, па словах старшыні аблвыканкама, для яго заўсёды знакавыя. Моладзь у нечым фарміруе меркаванне аб тым, як уладам працаваць далей, ці правільны кірунак узяты.

Адзін з хлопцаў пацікавіўся: які прадмет, на думку кіраўніка вобласці, самы важны ў школе?

– Школа павінна рыхтаваць маладога чалавека да жыцця. Даваць яму веды, уменні іх прымяняць, вучыць не баяцца цяжкасцей. Можна быць выдатнікам і не рэалізаваць сябе. Таму трэба быць гатовым змагацца і працаваць. Працавітасць фарміруе асобу, – выказаў сваю кропку гледжання Мікалай Мікалаевіч.

У ходзе адкрытага дыялогу закраналіся розныя тэмы, у прыватнасці, правільны выбар прафесіі, стаўленне да спорту, творчасць. Мікалай Шарснёў расказаў, як у юнацтве марыў стаць прафесійным спартсменам і падаў дакументы ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію таму, што ў гэтай ВНУ надавалася вялікая ўвага развіццю спорту, і студэнты дасягалі высокіх вынікаў.

– Потым зразумеў, што правільна паступіў, атрымаўшы патрэбную прафесію, а спорт застаўся са мной на ўсё жыццё. Ён дысцыплінуе, дазваляе не губляць форму. Калі быць сабраным і правільна размяркоўваць час, яго хопіць і на працу, і на любімае хобі, – запэўніў Мікалай Шарснёў.

А яшчэ падзяліўся з падрастаючым пакаленнем некалькімі дарослымі парадамі, якія ў свой час даў яму бацька. Адзін з іх: у выбуховай сітуацыі, калі зашкальваюць эмоцыі, трэба навучыцца іх стрымаць, зрабіць паўзу і потым даць узважаны адказ.

Кіраўнік вобласці асаблівую ўвагу надаў пераемнасці пакаленняў, захаванню гістарычнай памяці. Напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне расказаў, што для яго асабіста азначае гэты дзень.

– Адначасова гэта і боль, слёзы (з вайны не вярнуліся мае дзяды), і гонар за народ, які перамог фашызм, што заваяваў усю Еўропу. Часам задаю сабе пытанне, а ці змог бы я вытрымаць, не зламацца. Думаю, многія з вас задумваюцца над гэтым, – падзяліўся Мікалай Мікалаевіч.

Старшыня аблвыканкама выказаў упэўненасць, што ў будучыні ўсе маладыя людзі, якія сёння толькі ўступаюць у дарослае жыццё, праявяць сябе ў прафесіі, стануць годнымі грамадзянамі і патрыётамі краіны.

У канцы сустрэчы першы сакратар абкама БРСМ Вячаслаў Хрол распавёў аб тым, што моладзь Віцебшчыны выступіла з ініцыятывай у рамках акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць пашпарты ў асабліва памятныя даты – напярэдадні Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, Дня беларускага герба і сцяга, Дня Канстытуцыі. І запрашаць на цырымоніі заслужаных людзей вобласці і краіны.