Мікалай Шарснёў: «За час падрыхтоўкі да «Дажынак» Верхнядзвінск пераўтварыўся»
Верхнядзвінск за час падрыхтоўкі да "Дажынак" пераўтварыўся. Такое меркаванне выказаў у цяперашняй сталіцы свята старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на цырымоніі ўшанавання лепшых працаўнікоў вёскі рэгіёну.
"Дзякуючы пераўтварэнням сталіца цяперашніх "Дажынак" набыла рысы сучаснага горада. Больш за 200 аб'ектаў атрымалі другое нараджэнне. Шмат зроблена для таго, каб людзі хацелі тут жыць, ствараць сем'і, працаваць", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Паводле яго слоў, за час падрыхтоўкі абнавіліся будынкі Цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзіцячай школы мастацтваў. Адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Імпульс". Падарункам для жыхароў райцэнтра стаў і 12-кватэрны жылы дом, пабудаваны ў рэкордныя тэрміны - за 4,5 месяца. Новы аблік набылі цэнтральная плошча Юбілейная, гарадскі сквер, набярэжная Дзвіны. Прыцягальнасці сталіцы "Дажынак" дадалі новы фантан, арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, створаныя ўдзельнікамі абласнога конкурсу прафмайстэрства па ландшафтным дызайне, які прайшоў у Верхнядзвінску. Заўважна палепшылася якасць вулічна-дарожнай сеткі. Свой уклад у навядзенне парадку ўнеслі і мясцовыя жыхары, добраўпарадкоўваючы і ўпрыгожваючы прыдамавыя тэрыторыі.
"Пасля заканчэння свята абнаўленне Верхнядзвінскага раёна працягнецца, бо зробленае застаецца людзям на гады", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Эстафету святкавання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі" Верхнядзвінск перадаў Браславу. Гэта абавязвае райцэнтр правесці аграрны форум у наступным годзе на такім жа высокім узроўні. "Агульнымі намаганнямі мы зробім нямала для таго, каб нашы раённыя цэнтры радавалі вока, былі камфортнымі для жыцця, прывабнымі для жыхароў і гасцей. Менавіта так рэалізуецца ідэя пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі - дзяржавы для народа", - дадаў кіраўнік вобласці.
БЕЛТА.