Н. Лазавік заклікае не спяшацца з датэрміновым галасаваннем
16 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазовік заклікаў арганізатараў выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў не фарсіраваць датэрміновае галасаванне. Ён сёння прымае ўдзел у семінары-нарадзе са старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, начальнікамі аддзелаў арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай работы рай- і гарвыканкамаў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сакратар ЦВК перакананы, што датэрміновае галасаванне - неабходна, яно дазваляе грамадзянам свабодна рэалізаваць іх канстытуцыйнае права. Напрыклад, яно неабходна студэнтам, якія ў выхадны, калі праводзяцца выбары, з'язджаюць дадому, ды і гараджане ў суботу і нядзелю часта адпраўляюцца на дачы або ў вёску, таму яны павінны мець магчымасць прагаласаваць датэрмінова. А вось у сельскай мясцовасці, адкуль на выхадныя мала хто з'язджае, высокі працэнт датэрмінова прагаласаваўшых выклікае здзіўленне. "Не пазбаўляйце людзей свята, дайце ім прыйсці на выбары, паслухаць канцэрт, сустрэцца з аднавяскоўцамі", - дадаў ён.
Мікалай Лазовік таксама нагадаў, што змены ў выбарчае заканадаўства закранулі ўсю кампанію, у тым ліку і працэдуру правядзення датэрміновага галасавання і падліку галасоў. На працягу ўсяго перыяду правядзення датэрміновага галасавання ўчастковая камісія па заканчэнні сваёй работы абавязана вывешваць пратакол, у якім адлюстроўваецца колькасць людзей, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Падлік галасоў ва ўрнах для датэрміновага галасавання цяпер будзе праводзіцца асобна ад урн з бюлетэнямі, якія былі апушчаны выбаршчыкамі дома або непасрэдна на ўчастку, і асобна заносіцца ў пратакол.
Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў адбудуцца ў Рэспубліцы Беларусь 25 красавіка. Датэрміновае галасаванне пачнецца 20 красавіка і працягнецца па 24 красавіка. Час работы ўчастковых камісій на датэрміновым галасаванні вызначаны з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін.-0-