«Ноч музеяў» у Віцебску пройдзе з французскім шармам, а ў Полацку – пад знакам 30-годдзя канцэртнай залы Сафійскага сабора

Традыцыйная акцыя сёлета адбудзецца 18 мая і працягнецца з 18 да 23 гадзін. Як звычайна, яе ўдзельнікаў чакае нямала сюрпрызаў. Жыхарам і гасцям паўночнай сталіцы ў першую чаргу варта звярнуць увагу на тое, што месцам асноўных падзей стане Віцебскі мастацкі музей, а не Ратуша, як было раней. Тут прапануюць здзейсніць «Падарожжа ў Парыж» – менавіта такую назву атрымала праграма вечара, які задуманы музычным, творчым, стыльным. Наведвальнікі змогуць набыць букецік фіялак у абаяльнай кветачніцы, убачыць дэфіле тэатра моды ВГТК «De la couture, et de la mode», розныя тэатральныя пастаноўкі, якія пераносяць гледачоў у Францыю, наведаць выставы «Віцебск пачатку XX стагоддзя», «Яны «прыляталі ў парыжскі «Вулей», «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», «Юрый Пэн – мой першы настаўнік» і многія іншыя. У межах «Ночы музеяў» пройдуць таксама майстар-класы. Сярод тых, хто вырашыў падзяліцца творчымі сакрэтамі з жадаючымі, – вядомы акварэліст Фелікс Гумен, а таксама працуючыя з батыкам Надзея Манцэвіч і Таццяна Яравцава. На «Віцебскім Манмартры» можна будзе набыць палотны мясцовых мастакоў, а тых, хто стаміўся і прагаладаўся, з задавальненнем прыме ўтульнае кафэ, што размясцілася на другім паверсе музея. Завершыць праграму «AGNI SHOW» – шоў агню, якое пачнецца ў 22.30.

А ў самым старажытным горадзе нашай краіны запланаваны музычны марафон, які ахопіць практычна ўвесь Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Публіка зможа не толькі наведаць экспазіцыі, але і прыняць удзел у віктарыне для дзяцей «Крылатыя спевакі», атрымаць асалоду ад музыкі розных стыляў і напрамкаў, пабываць на «Танцпляцоўцы 80-х» з ВІА «Мелас», пачуць «Сімфонію жывой прыроды» ў выкананні гуртоў «Горад N» і «Версія». У Музеі беларускага кнігадрукавання адбудзецца прэзентацыя фільма «Гісторыя беларускай оперы» з удзелам здымачнай групы, а эфектным фінальным акордам вечара стануць «Лацінаамерыканскія эстампы» – заключны канцэрт XXVI Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі.

«ВР»