Натарыусы Віцебскай вобласці ў 2010 годзе прынялі ў аграгарадках 1,9 тыс. грамадзян

21 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Натарыусы Віцебскай вобласці разглядаюць магчымасць бясплатнага кансультавання жыхароў аграгарадкоў у рамках акцыі "Прававыя веды - кожнаму". Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Марына Быкава. У 2010 годзе дзяржаўныя натарыусы далі больш за 1,1 тыс. бясплатных кансультацый у натарыяльных канторах. У бягучым годзе акцыя "Прававыя веды - кожнаму" будзе прадоўжана, і яе дзеянне можа быць распаўсюджана за межы гарадскіх тэрыторый. Як адзначыла Марына Быкава, нягледзячы на тое, што дзяржаўныя і прыватныя натарыусы працуюць у буйных населеных пунктах, жыхары вёсак не застаюцца без юрыдычнай дапамогі. У мінулым годзе натарыусы дзяржаўных кантор ажыццявілі 179 выездаў у аграгарадкі, на якіх прынялі 1,9 тыс. грамадзян, здзейснілі каля 1,5 тыс. натарыяльных дзеянняў і далі больш за 1,6 тыс. кансультацый. Найбольш запатрабаванымі паслугі натарыусаў аказаліся ў жыхароў Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Пастаўскага, Лёзненскага раёнаў. У 2011 годзе выезды на сяло будуць працягнуты. Усяго ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі здзейснена больш за 103 тыс. натарыяльных дзеянняў, прыватнымі натарыусамі - звыш 17 тыс. Паводле даных на 1 студзеня 2011 года, у вобласці штатная колькасць дзяржаўных натарыусаў складае 93 чалавекі, працуюць таксама 6 прыватных натарыусаў. Абслугоўванне насельніцтва вядуць 32 дзяржаўныя натарыяльныя канторы.-0-