Новая АЗС адкрылася ў Верхнядзвінскім раёне ля беларуска-латвійскай мяжы

Новая АЗС открылась в Верхнедвинском районе у белорусско-латвийской границы
На Верхнядзвіншчыне, ля беларуска-латвійскай мяжы на аўтадарозе Р20 адкрыўся аб'ект прыдарожнага сэрвісу, які ўключае АЗС, краму і міні-кафэ з гарачым харчаваннем.

Дагавор на будаўніцтва быў заключаны паміж аблвыканкамам і расійскім інвестарам ТАА «Звезда Подмосковья». Тое, што ля пункта пропуску «Грыгараўшчына» неабходны такі аб'ект, было зразумела ўсім: Верхнядзвінскі раён – прымежны, гэта брама ў Віцебскую вобласць, у краіну, і годна сустрэць гасцей – наша абавязак і да таго ж асаблівасць менталітэту. Паток аўтамабіляў у Латвію, асабліва вялікагрузаў, тут дастаткова высокі, перыядычна ўтвараецца чарга, і кіроўцам, што чакаюць, не было дзе перакусіць і адпачыць: найбліжэйшая АЗС з міні-кафэ і крамай на гэтай трасе толькі ў самім Верхнядзвінску, а гарачыя абеды наогул у Баранава пад Полацкам. Цяпер жа ўсе паслугі аказваюць у комплексе.


На будаўніцтва аб'екта, які належыць ТАА «БелНафтаГруп», накіравана каля 965 тысяч долараў прамых замежных інвестыцый. На АЗС устаноўлены чатыры паліўна-раздатачныя калонкі, прадпрыемства атрымала ліцэнзію «Белнафтахіма» на гандаль нафтапрадуктамі. Кругласутачна працуе міні-кафэ на 16 пасадачных месцаў, дзе прадстаўлены стравы нацыянальнай беларускай кухні. Прадукты закупляюць у тым ліку ў мясцовых арганізацый: на масласырзаводзе, хлебазаводзе, у ААТ «Шайцерава», райпо і інш. У краме можна набыць тавары першай неабходнасці як для кіроўцы, так і для яго аўтамабіля, сувенірную прадукцыю. Створаны і санітарна-бытавыя ўмовы – духавыя кабіны.

Як адзначыла намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Алена Барздыка, вельмі важна і тое, што развіццё прыдарожнай інфраструктуры спрыяла стварэнню 20 новых працоўных месцаў. Персанал – аператары аўтазаправачнай станцыі, бармены, кухары, супрацоўнікі аховы – з ліку жыхароў суседняга Бігосава і райцэнтра. Акрамя таго, прадпрыемства зарэгістравана ў рэгіёне, а значыць, падатковыя паступленні будуць папаўняць мясцовы бюджэт, плюс павялічыцца рознічны тавараабарот.

Побач з АЗС абсталявана стаянка на 70 велікагрузных аўтамабіляў. Такая колькасць — зачын на будучыню, як і будаўніцтва другой чаргі аб'екта на процілеглым баку дарогі, якое вядзецца ў дадзены момант, бо ўжо да канца года на пункце пропуску «Грыгораўшчына» павінна быць уведзена электронная чарга.

– Калі аператарам электроннай чаргі стане наша прадпрыемства, то менавіта ў нас кіроўцы будуць чакаць інфармацыю аб сваім часе перасячэння мяжы, пры гэтым знаходзячыся ў камфортных умовах, – сказаў дырэктар ТАА «БелНафтаГруп» Міхаіл Скурат. – Перспектыў шмат, бо паток аўтамабіляў тут даволі вялікі. Праз дарогу будзе аб'ект са стаянкай для 30 велікагрузаў, і дадаткова створым яшчэ 20 працоўных месцаў.

Як справядліва падкрэсліў прысутнічаўшы на адкрыцці аб'екта намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, Беларусь – транзітная краіна, праз нас праходзяць шляхі паміж Еўрасаюзам і Расіяй, Еўропай і Азіяй, і мы можам на гэтым зарабляць.

– Такія аб'екты, як сучасны пункт пропуску «Грыгораўшчына» і новы аб'ект прыдарожнага сэрвісу «БелНафтаГруп», будуць развіваць транзіт, спрыяць праходжанню большай колькасці аўтамабіляў, а адпаведна, і прыносіць больш даходаў у бюджэт, забяспечваць людзей новымі працоўнымі месцамі, – адзначыў Алег Сяргеевіч. – Хацелася б падзякаваць усіх, хто ўдзельнічаў у стварэнні гэтага комплексу, хто нясе службу непасрэдна на мяжы, і мясцовую ўладу за працу ў дадзеным напрамку.

АЛЬГА МАСЛОЎСКАЯ, Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА, "Віцебскія весці".