Новая база адпачынку хутка з'явіцца ў Сенненскім раёне
Набліжаецца да завяршэння будаўніцтва базы адпачынку ТАА «ЦэнтрІнвест» на возеры Дзявінскае на тэрыторыі Багушэўскага сельсавета.
Летась мы ўжо пісалі пра гэты аб'ект, які абяцае раёну пэўныя дывідэнды. Паводле аператыўных даных, на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта будзе накіравана 4,7 млрд рублёў. Па стане на канец сакавіка гатоўнасць да ўводу складала каля 80%. Цяпер тут працуюць 13 чалавек. Вядзецца прылада адмасткі ўсіх будынкаў, ажыццяўляюцца ўнутраныя работы, набыты і ўсталяваны усе вокны і ўваходныя дзверы, праведзена электразабеспячэнне і ацяпленне, пачата добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўзбярэжжа. Ідуць работы ў гасцявых катэджах і на аб'ектах інфраструктуры, вышукваецца магчымасць набыцця і ўстаноўкі абсталявання, мэблі. Паводле плана, першая чарга павінна быць уведзена ўжо у ліпені. Таксама трэба будзе добраўпарадкаваць прыстань, каля якой будуць два спускі з лесвіцамі.
– Ёсць кацельня, лазня, а 50-метровая артэзіянская свідравіна забяспечыць гасцей найчысцейшай вадой, – расказвае майстар Андрэй Новікаў. Акрамя таго, вынікам уводу аб'екта стане стварэнне дзесяці новых працоўных месцаў.
Дарэчы, акрамя новай базы адпачынку, сёння ў раёне да паслуг турыстаў 15 аграсядзіб і 6 паляўнічых домікаў, якія чакаюць касметычнага рамонту. У маі будзе створана
рабочая група па праверцы іх гатоўнасці да летняга сезона, куды ўвойдуць прадстаўнікі райвыканкама, МНС, санстанцыі і іншых службаў.