Новая адзіная электронная сістэма продажу білетаў пачала дзейнічаць у Беларусі

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая адзіная электронная сістэма продажу білетаў пачала дзейнічаць у Беларусі. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па маркетынгу ЗАТ "Квіты Бел" Вольга Кісель. Адзіны рэсурс сайт kvitki.by змяшчае ўсю інфармацыю аб падзеях і мерапрыемствах, якія праходзяць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой (фестывалі, канцэрты, тэатральныя прадстаўленні, кіно, спартыўныя падзеі і г.д.). Гэта электронная, цэнтралізаваная сістэма распаўсюджвання білетаў у Мінску, якая дзейнічае ў рэжыме рэальнага часу. Беларуская кампанія пераймала вопыт у літоўскіх калег. Акрамя таго, падобная сістэма рэалізацыі білетаў зарэкамендавала сябе ва Украіне. Паводле статыстыкі, каля 50% білетаў прадаюцца праз электронныя сістэмы. Кліенты маюць магчымасць выбраць жаданае месца і зарэзерваваць білет у рэжыме анлайн, вывучыўшы план размяшчэння гледачоў у зале, колькасць білетаў, што засталіся. Стаць уладальнікам білета можна пры прад'яўленні кода брані ў месцах продажу. Ажыццяўляецца таксама дастаўка білетаў кур'ерскай службай. Працуе тэлефон адзінай даведачнай службы. У Беларусі з верасня 2009 года ўжо дзейнічае адзіная электронная сістэма продажу білетаў міжнароднай кампаніі Ticketpro.-0-