Новая кніга Людмілы Хмяльніцкай распавядае пра віцебскага фатографа, які здымаў вядомых гараджан XIX стагоддзя
Аўтар выдання – дырэктар музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая. Кніга «Сігізмунд Юркоўскі – фатограф з Віцебска» працягвае серыю «Кнігарня Дома Шагала». Яна была пачата ў мінулым годзе гістарычнымі нарысамі дырыжора Гаўрыіла Юдзіна «Музычнае жыццё Віцебска ў першай чвэрці XX стагоддзя». У далейшым плануецца выпусціць мемуарную і мастацкую літаратуру.
Людміла Хмяльніцкая, распавядаючы пра новую кнігу, прызналася, што на тэму Юркоўскага выйшла выпадкова. Працуючы ў архіве, яна натрапіла на службовы спіс віцебскага фатографа. Ён і стаў пачаткам карпатлівай працы.
– Пра Сігізмунда Юркоўскага вядома няшмат, ён быў сціплым чалавекам, пазбягаў публічнасці, таму пра яго не пісалі газеты таго часу. Ён нават не падумаў запатэнтаваць сваё вынаходніцтва шторна-шчыліннага затвора, які стаў прарывам у фатаграфіі. Гэта ўдасканаленне прыпісваюць англічанам і немцам, але знаўцы фотасправы ва ўсім свеце прызнаюць першынство Юркоўскага, – распавядае Людміла Хмяльніцкая.
Аўтар вызначыла жанр кнігі як «партрэт на фоне эпохі». У ёй сабраны цікавы матэрыял пра Віцебск другой паловы XIX стагоддзя. Ілюстрацыяй служаць фатаграфіі Юркоўскага, які адным з першых захаваў найбольш значныя культавыя і грамадзянскія будынкі, новыя аб'екты, якія былі пабудаваны ў той час у горадзе на Дзвіне. Свае здымкі фатограф апраўляў мастацкай графічнай рамкай, падвешанай на шнурку на цвічок.
– Звяртае на сябе ўвагу тое, што першыя краявіды зробленыя ранкам і на іх няма людзей. Гэта таму, што патрабавалася доўгая вытрымка. Былі і пастановачныя фота, на якіх мінакоў прасілі замерці на пару хвілін, праўда, коні не слухаліся каманды, і ў выніку ўважлівы гледач заўважае, што на вядомым здымку «Дастаўка паравоза на чыгуначную лінію, што будавалася, Арол – Віцебск, 1867 г.», замест чатырох конскіх ног восем. А пасля выкарыстання свайго новаўвядзення – маментальнага фатаграфічнага затвора – Юркоўскі ўжо здымаў і рэпартажныя віды, – тлумачыць Людміла Хмяльніцкая.
Фатаграфіяй Сыгізмунд Юркоўскі заняўся ўжо ў сталым узросце. Да гэтага вучыўся ў Санкт-Пецярбургу на медыка-хірурга, але адначасова браў урокі ў знакамітага імператарскага фатографа Дзеньера. Да 33 гадоў служыў акцызным чыноўнікам у Магілёве, а ў 1866 годзе прыехаў у Віцебск і адкрыў на вуліцы Замкавай атэлье, якое праіснавала 35 гадоў. У фотастудыю заходзілі ўсе вядомыя гараджане таго часу. Фатаграфаваўся ў віцебскага фатографа і Ілья Рэпін. Юркоўскі сябраваў з Ілём Яфімавічам, ездзіў у яго маёнтак Здраўнёва, з ім, фатаграфаваў мастака і яго дом. Дарэчы, віцебскі майстар з'яўляўся таксама піянерам увядзення судовай фатаграфіі ў крыміналістыку ў Расіі.
Памёр Сыгізмунд Юркоўскі ў 1901 годзе ў Коўне (цяпер Каўнас, Літва), цела яго было перавезена ў Віцебск і пахавана на могілках пры касцёле святой Варвары. На жаль, надмагільнай пліты не захавалася. Ды і памяць аб таленавітым вынаходніку, фатографе, які пакінуў каштоўныя здымкі Віцебска пазамінулага стагоддзя, ніяк не ўшанавана ў горадзе.
Пяць гадоў таму абласны краязнаўчы музей, у фондах якога знаходзіцца каля 26 здымкаў Сыгізмунда Юркоўскага, выпусціў набор фотаадкрытак з папулярнымі відамі Віцебска. У кнізе ж найбольш поўна прадстаўлена спадчына фатографа. Тут змешчана больш за 80 рэпрадукцый з музейных калекцый, а таксама прыватных збораў. Як патлумачыла Людміла Хмяльніцкая, сапраўдным падарункам сталі выкладзеныя ў Інтэрнэце здымкі з сямейнага альбома далёкай сваячкі віцебскага фатографа з Расіі. У кнігу таксама ўключаны артыкулы Юркоўскага, якія публікаваліся ў часопісах пра фатаграфію таго часу.
Ілюстраваная біяграфія выдадзена тыражом тысяча экзэмпляраў мінскім выдавецтвам «Чатыры чвэрці». Прэзентацыя кнігі для шырокага кола чытачоў адбудзецца ў суботу, 30 жніўня, а 16-й гадзіне ў Арт-цэнтры Марка Шагала.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"