Новая канцэпцыя развіцця Полацка накіравана на павелічэнне даходаў горада ад турызму - А.Косінец
21 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Новая канцэпцыя развіцця Полацка накіравана на павелічэнне даходаў горада ад турызму, паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку губернатара, даходы Полацка ад турызму павінны ўзрасці ў некалькі разоў. Калі ў Віцебску ў 2011 годзе турысты пакідалі па $100-200 кожны, то ў Полацку, які за год наведалі 250 тыс. турыстаў і 55 тыс. паломнікаў, яны пакінулі па Br7 тыс., а агулам гарадскі бюджэт ад арганізаваных груп турыстаў атрымаў усяго Br2,1 млрд. Прычыну гэтага Аляксандр Косінец бачыць у неразвітай турыстычнай інфраструктуры, адсутнасці прывабных месцаў адпачынку і вольнага часу.
"У Полацку зарадзілася беларуская дзяржаўнасць, гэта калыска беларускай культуры і адукацыі, гэта геаграфічны цэнтр Еўропы, таму горад павінен атрымаць зусім іншае развіццё", - упэўнены Аляксандр Косінец. Канцэпцыя развіцця Полацка прадугледжвае пераўтварэнне трох асноўных гістарычных тэрыторый горада: вакол Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Сафійскага сабора і ўздоўж ракі Полаты. Так, вакол манастыра на плошчы прыкладна 31 га з'явяцца сувенірныя лаўкі, кнігарня і рамесныя майстэрні, прадугледжваецца аднаўленне манастырскіх сажалак, будаўніцтва гасцініцы, турыстычнага цэнтра з пракатам аўтамабіляў. Вуліца, якая вядзе да манастыра, стане пешаходнай. Па ёй можна будзе дайсці і да Сафійскага сабора. Тэрыторыя вакол яго таксама прыкметна пераўтворыцца. Цяпер сабор атачаюць сем аб'ектаў, у якіх размяшчаюцца медыцынскія ўстановы. Усе яны будуць пераведзены ў іншыя сучасныя рэканструяваныя будынкі. А вызваленыя памяшканні прадугледжваецца рэстаўраваць і перадаць пад музей этнаграфіі, гасцініцу. Берагі ракі Полаты будуць ачышчаны і стануць месцам для свецкіх забаў. Рэчышча ракі збіраюцца паглыбіць і расчысціць, з'явіцца магчымасць катання на лодках і катамаранах. Уздоўж набярэжнай, працягласць якой складзе каля 5 км, размесцяцца кафэ, атракцыёны.
Да работ па рэалізацыі канцэпцыі развіцця Полацка ўлады маюць намер прыцягваць інвестараў. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў Br2 трлн. На думку Аляксандра Косінца, укладзеныя сродкі акупяцца дастаткова хутка. У якасці пацвярджэння сваіх слоў ён прывёў вопыт Віцебска, дзе на рэканструкцыю плошчы Перамогі было затрачана Br25 млрд. Гэтыя сродкі акупіліся за паўтара года дзякуючы павялічанаму тавараабароту крам, размешчаных на плошчы. Пераўтварэнне вуліцы Суворава ў Віцебску ў пешаходную і стварэнне на ёй інфраструктуры для адпачынку абышлося ў Br7 млрд. Гэтыя сродкі акупіліся за год, дзякуючы ўзросшаму да Br35 млрд. тавараабароту.-0-