У Беларусі ствараецца новая мадэль прафарыентацыйнай работы са школьнікамі

27 ліпеня, Горкі /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Эксперыментальная пляцоўка па адпрацоўцы тэхналогіі прафарыентацыйнай работы для АПК ствараецца ў Горацкім раёне. Аб гэтым сёння прэм'ер-міністру Беларусі Міхаілу Мясніковічу далажыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч падчас наведвання сярэдняй школы №2 горада Горкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах міністра, на першым этапе стварэння ў эксперыменце будуць удзельнічаць сярэдняя школа № 2 г.Горкі і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Сутнасць эксперыменту заключаецца ў тым, каб прывіць агульнаадукацыйнаму курсу задачы, звязаныя з сельскагаспадарчай дзейнасцю. Гэта прадугледжвае як дапрацоўку падручнікаў і дапаможнікаў, так і падрыхтоўку спецыялістаў. Сяргей Маскевіч адзначыў, што ўжо са жніўня бягучага года навукоўцы Нацыянальнага інстытута адукацыі і сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках прыступяць да стварэння навучальных матэрыялаў для ўдзельнікаў эксперыменту. Адпрацоўка механізму прафарыентацыйнай работы пройдзе на працягу двух гадоў, а затым станоўчы вопыт будзе распаўсюджаны на ўсю рэспубліку. Прэм'ер-міністр падтрымаў гэту ідэю, аднак дадаў, што да эксперыменту неабходна падключыць лепшыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Магілёўскай вобласці для таго, каб маладыя спецыялісты там не толькі праходзілі практыку, але і працавалі. "Гэта зусім новая якасць навучання", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.