Новая праграма развіцця Беларусі дазволіць хутчэй інтэгравацца ў еўрапейскую адукацыйную прастору
15 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады накіраваны ў будучыню і дазволіць Беларусі хутчэй інтэгравацца ў еўрапейскую адукацыйную і эканамічную прастору. Такую кропку гледжання выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для адораных дзяцей (Віцебскі раён), член Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў Уладзімір Шыцько, каментуючы апублікаваны ў СМІ праект.
Асаблівую цікавасць у дырэктара гімназіі выклікалі палажэнні праграмы, якія тычацца адукацыі, моладзевай палітыкі і спорту. "Прымяненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыі - гэта гіганцкія крокі па інтэграцыі айчыннага адукацыйнага працэсу ў еўрапейскую сістэму не толькі адукацыі, але і эканомікі", - упэўнены Уладзімір Шыцько. Пры гэтым ён лічыць, што рэалізацыя праграмы створыць роўныя ўмовы для атрымання адукацыі як у горадзе, так і на вёсцы.
Далейшая ўвага дзяржавы да развіцця спорту і фізічнай культуры прадыктавана, на думку суразмоўцы, клопатам пра здароўе нацыі. "Няхай новыя спартыўныя палацы не прынясуць хуткай эканамічнай выгады, але яны будуюцца для нашых дзяцей, для таго, каб ім прывіваць навыкі здаровага ладу жыцця, а гэта не ацаніць аднымі грашыма", - дадаў ён.
У Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі навучаюцца 269 дзяцей з розных куткоў Віцебскай вобласці, 169 з іх - стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адораных вучняў. За 15 гадоў існавання гімназіі яе вучні 165 разоў станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і 15 разоў - міжнародных.-0-