Новая праграма развіцця Беларусі стварае ўмовы для самарэалізацыі моладзі – удзельнік Усебеларускага сходу
29 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праект новай праграмы развіцця Беларусі на найбліжэйшую пяцігодку стварае неабходныя ўмовы для рэалізацыі здольнасцей і талентаў моладзі. Такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ, удзельнік IV Усебеларускага народнага сходу Дзмітрый Хома.
Моладзевы лідар прызнаўся, што адчувае асаблівае хваляванне, упершыню прымаючы ўдзел у такім важным для краіны форуме, як Усебеларускі сход. "На ўдзельніках ляжыць велізарная адказнасць, бо ад іх рашэнняў будзе залежаць будучыня краіны, таму так важна, што праект вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне", - лічыць Дзмітрый Хома.
Сам факт таго, што прыярытэтам для краіны па-ранейшаму застаюцца даступнасць паслуг аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры і спорту, якія забяспечаць магчымасці для ўсебаковага развіцця чалавека, незалежна ад яго месца жыхарства, з'яўляецца сведчаннем таго, што дзяржава клапоціцца пра сваю будучыню, адзначыў першы сакратар абкама. Яшчэ адным важным палажэннем праграмы з'яўляецца падтрымка інстытута сям'і і стымуляванне нараджальнасці, у тым ліку і за кошт прадастаўлення льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля. "Для многіх маладых сем'яў з дзецьмі атрыманне крэдыту на жыллё застаецца праблемай, а ж уласнае жыллё - залог таго, што сям'я адбудзецца, і ў ёй яшчэ будуць нараджацца дзеці", - лічыць Дзмітрый Хома.
На думку суразмоўцы, у праграме зроблены правільны акцэнт на ўкараненне еўрапейскіх форм у адукацыйны працэс. Гэта адзачэцца як на падрыхтоўцы маладых спецыялістаў, так і на развіцці эканамічных працэсаў у краіне.
Перад самай буйной моладзевай арганізацыяй Віцебскай вобласці ў найбліжэйшай пяцігодцы будзе стаяць задача аб'яднаць актыўных, неабыякавых юнакоў і дзяўчат. Пры гэтым арганізацыя не мае намеру зачыняць дзверы перад прадстаўнікамі так званых нефармальных рухаў. Як адзначыў Дзмітрый Хома, апошнім часам яны сталі праяўляць шчыры інтарэс да працы БРСМ і ўдзельнічаць у акцыях грамадскай арганізацыі. Абласная арганізацыя БРСМ налічвае амаль 65 тыс. членаў, працуюць каля 2,3 тыс. першасных арганізацый.-0-