Новы працоўны тыдзень на "Славянскім базары ў Віцебску" пачынаецца з Дня культуры Украіны

11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Новы працоўны тыдзень на ХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пачынаецца з Дня культуры Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Юбілейнаму фестывалю брацкая рэспубліка падорыць "Украінскі сувенір" - так называецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў Украіны, які пройдзе на галоўнай фестывальнай сцэне - у Летнім амфітэатры. Канцэрт прадэманструе разнастайнасць нацыянальнай эстрады праз прадстаўнікоў розных пакаленняў. Акцэнт зроблены на пераемнасць традыцый - ад дзіцячай творчасці да выканальніцкага майстэрства тых, хто сёння ўвасабляе цэлую музычную эпоху. Маладую ўкраінскую эстраду будуць прэзентаваць пераможцы многіх творчых конкурсаў і тэлепраектаў Аляксей Маціяс, Яўген Анішка, Надзея Майстрэнка, Ганна Азарава.

Сярэдняе пакаленне ўкраінскай эстрады прадставяць вядомыя і любімыя слухачамі выканаўцы Наталля Бучынская, дуэт "Свіцязь". Яны не ўпершыню выступаюць на віцебскай сцэне. Гледачы "Славянскага базару ў Віцебску" паспелі палюбіць песні ў выкананні Наталлі Бучынскай "Дзіўчына-вясна", "Мая Украіна". Але мала хто ведае, што дзіўчына-вясна Наталля Бучынская - не проста народная артыстка Украіны, а маёр унутраных войскаў, салістка і памочнік начальніка ансамбля МУС Украіны.

Заслужаныя артысты Украіны кампазітары Дзмітрый Гершанзон і Анатоль Гаварадла пішуць песні для многіх украінскіх выканаўцаў, а вось на эстрадзе яны вядомыя больш як дуэт "Свіцязь". Артысты праславіліся ў рэдкім жанры музычнай пародыі. У іх рэпертуары пародыі на Ігара Крутога, Таісію Павалій, Філіпа Кіркорава, Мікалая Баскава і многіх іншых вядомых выканаўцаў.

Завершаць рознакаляровы песенны калейдаскоп "Украінскага сувеніра" народныя артысты Украіны Іва Бобул і Мікалай Гнатюк, чые галасы і песні даўно вядомыя і любімыя як ва Украіне, так і ў Беларусі. Многія песні з рэпертуару Івы Бобула сталі шлягерамі. Сярод моладзі Іва Бобул стаў вельмі папулярным пасля таго, як вядомы гурт "Танок на Майдані Конго" стварыў саркастычную песню "Іва Бобул", у якой спявак быў прадстаўлены ў выглядзе супергероя.

Народны артыст Украіны, ганаровы жыхар беларускага горада Магілёў Мікалай Гнатюк у асаблівым прадстаўленні не мае патрэбы. Яго песні "Малінавы звон", "Белыя шыбы", "Птушка шчасця", "Танец на барабане", "Ой, смярэка!" віцебская публіка заўсёды спявае разам з ім. І на гэты раз спявак не падмане яе чаканняў, выканаўшы лепшае са свайго рэпертуару.

Як чакаецца, афіцыйную дэлегацыю Украіны ўзначаліць на фестывалі міністр культуры Міхаіл Кулыняк.-0-