Новая школа адкрылася ў Віцебску

1 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Новая школа адкрылася сёння ў Віцебску ў мікрараёне Білева-1. Яе вучнямі сталі звыш 1,1 тыс. дзяцей і падлеткаў, у тым ліку каля 200 першакласнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Віншуючы дзяцей, бацькоў і педагогаў з гэтай падзеяй, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падкрэсліў, што ў новай школе створаны ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця школьнікаў і назапашвання імі сур'ёзнага багажу ведаў. Ва ўстанове адукацыі абсталяваны чатыры камп'ютарныя класы, спецыяльныя класы для заняткаў музыкай, арганізацыі гуртковай работы, бібліятэка, два абедзенныя залы на 230 месцаў, устаноўлена сучасная тэхніка ў кабінетах працы для дзяўчынак і майстэрнях для хлопчыкаў. Развітая інфраструктура створана для заняткаў спортам: у будынку ёсць трэнажорная і спартыўная залы, на прышкольнай тэрыторыі ўзведзены стадыённы комплекс з пляцоўкамі для валейбола, баскетбола, хакейная скрынка, футбольнае поле і тэнісны корт. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў школе створана безбар'ернае асяроддзе. "Назапашана багатая база, таму школьны комплекс будзе працаваць не толькі ў навучальны час, але і забяспечваць занятасць падлеткаў у выхадныя дні і на канікулах", - адзначыў губернатар. Аляксандр Косінец падкрэсліў, што ў бліжэйшыя гады ўвесь раён атрымае новы імпульс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, ужо ў кастрычніку тут расчыніць дзверы дзіцячы сад на 170 месцаў. Яшчэ два на 275 месцаў кожны плануецца ўвесці ў строй у 2011 годзе. У далейшай перспектыве - адкрыццё школы на 1030 вучняў. Акрамя таго, плануецца будаўніцтва паліклінік, гандлёвых комплексаў, культурна-дзелавых цэнтраў, аўтастаянкі. Новыя аб'екты будуць узводзіцца паралельна з будаўніцтвам жылля і ў максімальна кароткія тэрміны, дадаў старшыня аблвыканкама.-0-