Новая сучасная малочнатаварная ферма будзе пабудавана ў чэрвені ў Віцебскай вобласці

Замежная гаспадарка з расійскім капіталам «Детскосельский Городок» пашырае малочную вытворчасць у Гарадоцкім раёне.

У чэрвені мінулага года філіял «Віроўлянскі» ЗГП «Детскосельский Городок» пачаў будаўніцтва ў вёсцы Селішча малочнатаварнай фермы на 1,8 тысячы галоў надойнага статка. З выкарыстаннем уласных сродкаў і крэдытных рэсурсаў Банка развіцця на гэтыя мэты выдзелена 98 мільярдаў рублёў, 64 мільярды затрачана на закупку тэхнікі і абсталявання. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Гарадоцкага райвыканкама, адкрыццё фермы плануецца ў чэрвені бягучага года.

Запуск жывёлагадоўчага аб'екта дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, што пазітыўна адаб'ецца на сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. У расійскага інвестара за восем гадоў працы на землях Гарадоччыны склаўся выніковы вопыт вядзення гаспадарчай дзейнасці. Як расказаў дырэктар філіяла «Віроўлянскі» ЗГП «Детскосельский Городок» Леанід Гардзецкі, на малочнатаварным комплексе ў вёсцы Віроўля, выкарыстоўваючы перадавыя тэхналогіі і інавацыі, жывёлаводы штогод нарошчваюць вытворчасць малака і займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчым спаборніцтве.

Андрэй ЗАХАРУ, «Віцьбічы».