Новая сцэна для мясцовых талентаў. У Глыбоцкім раёне пабудавалі Дом культуры
У аграгарадку Чарневічы Глыбоцкага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё сельскага Дома культуры. Ужо на першым канцэрце ў гледацкай зале не хапала свабодных месцаў. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што так будзе і надалей.
10 гадоў таму будынак, які знаходзіўся ў аварыйным стане, у мэтах бяспекі закрылі. Але культурнае жыццё не згасала – прыязджалі артысты з райцэнтра і суседняй вёскі Празарокі. Бібліятэка на час размясцілася ў школе.Разрадзіць радасць з вяскоўцамі прыехалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка і старшыня райвыканкама Алег Мархат. Сустракаючы іх пышным караваем, старэйшына вёскі Бенігна Аляксандравіч адзначыла, што гэта значная падзея для дарослых і дзяцей. Падчас цырымоніі адкрыцця гучалі словы падзякі на адрас тых, працай якіх удалося ўзвесці сучасны будынак. Сярод прысутных была і жыхарка суседняй вёскі Замхоўе Галіна Шыман, якая 27 гадоў была дырэктарам былога ДК у Чарневічах.
– Талентаў на нашай зямлі нямала, – распавядае Галіна Ігнатаўна. – Калі сабраць усіх творчых і ініцыятыўных вяскоўцаў, сцэны будзе мала. Напрыклад, Тамаш Міцько і Франц Шынкевіч выдатна граюць на баяне, а Алена Мартыновіч спявае кранальна і адчувальна.
Каля 50 кіламетраў аддзяляюць Чарневічы ад райцэнтра, але дзякуючы створанай сацыяльнай інфраструктуры гэтая адлегласць для мясцовых жыхароў – не нагода для смутку. Ёсць крама, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка. Не так даўно на месцы даўгабуда ў цэнтры аграгарадку з'явілася дзіцячая пляцоўка. Вяскоўцы актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні вёскі, але, безумоўна, без дапамогі ўладаў ажыццявіць усё задуманае было б вельмі складана.
Працаўнікі культуры ўпэўнены: ДК пустым не будзе. Дзеці і дарослыя праяўляюць жаданне наведваць розныя гурткі, удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. Закуплена неабходная апаратура, музычныя інструменты.
У гэты дзень у фае Дома культуры размясцілася выстава. Глыбокскія майстры прадставілі вырабы са лёну, саломкі, дрэва, гліны. Напрыклад, жыхарка аграгарадка Любоў Жук паказала свае працы, зробленыя з яркіх стужак, паперы, бісеру і іншых падручных матэрыялаў.
На ўзвядзенне будынка Дома культуры і бібліятэкі спатрэбілася больш за 6 млрд рублёў. Але сродкі патрачаны не дарма.
– На такія мэты ніколі не варта шкадаваць грошай, – падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, – таму што культура заўсёды адплаціць за тое, што ў яе ўклалі, выхавае адукаванага чалавека. Важна адцягнуць моладзь ад згубных звычак, стварыць неабходныя ўмовы для заняткаў спортам, развіцця творчых здольнасцей. Добра, што ў Глыбоцкім раёне ў гэтым напрамку праводзіцца шмат працы, адкрываюцца новыя сацыяльныя аб'екты.
У гутарцы з вяскоўцамі Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што той, хто хоча ўбачыць сапраўдную прыгажосць нашай краіны, павінен пабываць менавіта ў глыбінцы, у раённых цэнтрах, аграгарадках. Апошнім часам яны пераўтварыліся, сталі прыгажэйшымі. Тут асаблівая атмасфера, якую не адчуеш у сталіцы.
У Чарневічах больш за 420 жыхароў. У школе займаюцца 80 вучняў, дзіцячы сад наведваюць два дзясяткі дзяцей. Гэта і ёсць будучыня вёскі. Да таго ж вяскоўцы заўсёды рады бачыць прыезджых маладых спецыялістаў, якім прадастаўляюць жыллё, ствараюць камфортныя ўмовы для працы і адпачынку.
Дзіяна Берніковіч, «Віцебскія весці». Фота аўтара.