Новая тэхніка паступіла на ўзбраенне віцебскіх дэсантнікаў

Новая техника поступила на вооружение витебских десантников
На узбраенне віцебскіх дэсантнікаў паступіла новая тэхніка айчыннай вытворчасці. 




Першую партыю - дзевяць браніраваных машын "Кайман" - ва ўрачыстай абстаноўцы асабоваму складу 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады перадаў намеснік міністра абароны па ўзбраенні - начальнік узбраення Узброеных Сіл генерал-маёр Сяргей Сімоненка.


Аб вартасцях новай баявой машыны журналістам распавёў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка. Машына з'яўляецца першай распрацоўкай беларускіх канструктараў і практычна цалкам створана з айчынных камплектуючых. "Для нас гэты момант вельмі важны, бо дазваляе забяспечваць тэхнічнае суправаджэнне на тэрыторыі Беларусі", - падкрэсліў ён.

Адметная мабільнасцю машына прызначана для перамяшчэння гранатамётных падраздзяленняў і дзеяння іх сумесна з дэсантнымі падраздзяленнямі ў адным страі, што дазваляе наносіць агнявое паражэнне, забяспечваць абароненасць асабовага складу. Па сваіх тэхнічных характарыстыках і баявых магчымасцях аўтамабіль не саступае, а па шэрагу паказчыкаў і пераўзыходзіць аналагічныя ўзоры, якія знаходзяцца на ўзбраенні замежных армій. Таксама на машыне можа ўсталёўвацца кулямётны модуль - усё залежыць ад таго, для якіх падраздзяленняў яна прызначана.

"Гэта ўжо зусім іншы клас тэхнікі. Тыя патрабаванні, якія мы закладвалі да гэтай распрацоўкі, увасоблены ў поўным аб'ёме. Гэта прынцыпова новая машына, створаная з нуля пад патрабаванні, якія стаяць перад сіламі спецыяльных аперацый", - падкрэсліў Вадзім Дзенісенка. Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый УС таксама адзначыў, што пераўзбраенне пачалося ў мінулым годзе са 103-й брыгады, бо яна адзіная ад Узброеных Сіл Беларусі ўваходзіць у калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ. Усяго за 2018 год у дадзенае злучэнне паступіла 32 бранетранспарцёры БТР-70 МБ1 і 18 адзінак буксаванага наразнога паўаўтаматычнага мінамёта 2Б23

"Нона М1". Цяпер ідзе планавае працягванне гэтага працэсу. Паралельна з гэтым вядзецца і аснашчэнне брэсцкіх дэсантнікаў, якія таксама атрымалі дывізіённы камплект мінамётаў 2Б23 "Нона М1". У ліпені іх баявыя магчымасці зростуць за кошт паступлення бронетранспарцёраў БТР-70 МБ1.

Праверка баявых якасцей "Кайманаў" у справе адбудзецца на брэсцкім палігоне. "Там ужо праз месяц мы ў поўным аб'ёме будзем выпрабоўваць гэтую тэхніку. У ходзе здачы галоўнай ваеннай інспекцыі яна будзе падвергнута поўнай праверцы, а асабовы склад будзе паказваць навыкі, якія набывае ў найбліжэйшы час па яе асваенні (стральба, ваджэнне). Усё будзе планава", - дадаў Вадзім Дзянісенка.

БЕЛТА.