Новую нафтавую радовіну адкрылі ў Беларусі
26 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Новае радовішча нафты адкрыта спецыялістамі РУП "Белгеалогія" ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара, галоўны геолаг па нафце і газу прадпрыемства Яраслаў Грыбік.
Новае радовішча вуглевадародаў знойдзена падчас выпрабавання пошукавай свідравіны "Паўднёва-Вішанская №34" на глыбіні 3252 - 3272 м у ніжніх гарызонтах падсаляных адкладаў. Прыток нафты, атрыманы тут, папярэдне ацэньваецца ў 5 куб.м у суткі. Геолагі працягваюць бурэнне свідравіны. "Цяпер на выпрабаванні знаходзіцца яе другі інтэрвал, які залягае ніжэй, - распавёў суразмоўца. - У бліжэйшы час плануецца яго асваенне".
Паралельна працягваюцца даследаванні яшчэ на дзвюх свідравінах, дзе раней былі таксама атрыманы прытокі нафты, - "Шацілкаўскай №15" у Светлагорскім раёне і "Наваказанскай №47" у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. "Асваенне свідравіны "Шацілкаўская №15" ужо завяршаецца, гэтыя работы выконваюцца сумесна з "Беларуснафтай", - адзначыў Яраслаў Грыбік. - У бліжэйшы час пачнуцца выпрабаванні ў калоне свідравіны "Наваказанская №47".
У бягучым годзе "Белгеалогія" павінна забяспечыць прырост прамысловых запасаў нафты на ўзроўні 400 тыс.т. Для выканання гэтай задачы геолагі пашыраюць геаграфію пошуку. "У нас ёсць праблемы са ўстойлівымі прытокамі атрымання нафты, так як адкрытыя радовішчы невялікія па памеры, таму ў другім паўгоддзі бягучага года плануем паскорыць работы па забуренню новых свідравін", - распавёў Яраслаў Грыбік. Сярод іх - "Прахораўская №13", якая размешчана на Прахораўскім нафтавым радовішчы. Цяпер геолагі пашыраюць тут даследаванні ў заходнім напрамку. У верасні бягучага года плануецца таксама забуренне свідравіны "Навабярэзінская" у Жлобінскім раёне. Яшчэ адзін падобныя праект будзе выконвацца ў Светлагорскім раёне - па вывучэнні нафтаперспектыўнасці так званай Марозаўскай плошчы.
Падчас пошуку нафты ў беларускіх нетрах геолагі плануюць выкарыстоўваць новыя геафізічныя метады даследавання. У прыватнасці, будзе павялічана глыбіня пошуку вуглевадародаў. У Глускім раёне Магілёўскай вобласці ўжо забурана свідравіна, праектная глыбіня якой павінна скласці 5100 м. "Сёння яна мае забой у 1700 м, у пачатку чацвёртага квартала мы плануем выкрыць падсолевыя карбонатныя адклады на глыбіні 3900 - 4300 м і даць іх ацэнку, - сказаў спецыяліст. - Бурэнне свідравіны працягнецца і ў 2012 годзе, аднак далейшае асваенне глыбіні запатрабуе больш трывалага бурыльнага абсталявання".
Пошук новых запасаў нафты і іх асваенне прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай геолагаразведачных работ па развіцці мінеральна-сыравіннай базы Беларусі на перыяд да 2020 года. Дакумент прадугледжвае далейшае нарошчванне ўласнага паліўна-энергетычнага патэнцыялу краіны, правядзенне пошуку, разведкі і падрыхтоўкі да прамысловага асваення новых радовішчаў будаўнічых матэрыялаў і іншых відаў неруднай сыравіны, рэгіянальнае геалагічнае вывучэнне нетраў Беларусі з мэтай ацэнкі яе тэрыторыі на наяўнасць разнастайных карысных выкапняў і іншыя задачы.
"Белгеалогія" праводзіць пошук і разведку ўсіх відаў карысных выкапняў, дзяржаўны ўлік і маніторынг запасаў мінеральных рэсурсаў, а таксама сумесна з дэпартаментам па геалогіі Мінпрыроды ажыццяўляе перспектыўнае планаванне геолагаразведачных работ.-0-