Найноўшая прадукцыя з віцебскай маркай прадстаўлена на выставе «Белагра-2016»
У гэтыя дні Мінск стаў пляцоўкай для кантактаў і дамоўленасцей, тэхналагічных рашэнняў і інавацый, выпрацоўкі стратэгіі шляху ў агульную будучыню. Менавіта такім ён павінен быць для Беларусі і Расіі, і гэта ў чарговы раз пацвердзіў Форум рэгіёнаў брацкіх дзяржаў з удзелам двух прэзідэнтаў. Сярод гасцей таксама члены Урада Расійскай Федэрацыі, кіраўнікі ведамстваў і абласцей. Такое высокае і шматлікае прадстаўніцтва форуму падкрэслівае яго важнасць, як і супутніх мерапрыемстваў, якія наведваюць знакамітыя суседзі. У прыватнасці, прымеркаваная сёлета да форуму Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2016» у рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня.

Прадстаўлены больш за 500 кампаній з 23 краін свету, у тым ліку з Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Кітая, Нідэрландаў, Францыі і інш. Экспазіцыя разгарнулася на базе аэрапорта «Мінск-1» і займае больш за 30 тыс. кв. м. Калектыўныя экспазіцыі Беларусі прадстаўляюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, канцэрны «Беллегпрам», «Белдзяржхарчпрам» і іншыя міністэрствы і ведамствы. І, вядома, рэгіёны, у тым ліку Віцебская вобласць, якую прадставілі прадпрыемствы мяса-малочнай, перапрацоўчай галіны і машынабудавання.
Тое, што ў полі спатрэбіцца
Сёння без тэхнікі ААТ «Віцебскі мотазарамонтны завод» складана ўявіць вядзенне сельскай гаспадаркі. Тут вырабляюць розныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, якія шырока выкарыстоўваюцца на палях Віцебшчыны, і запасныя часткі да сельгас тэхнікі ў шырокім асартыменце. На «Белагра» ж завод прэзентаваў сваю інавацыйную распрацоўку – механічную навесную збожжатукавую сеялку СЗТМ-4Н.
Асаблівасць яе ў тым, што яна ажыццяўляе шэрагавы сеў збожжавых, зернебабовых, рапсу, траў і іншых культур і адначасова ўносіць неабходныя стартавыя дозы грануляваных мінеральных угнаенняў. Агрэгат аснашчаны электроннай сістэмай кіравання, што дазваляе забяспечваць аўтаматычнае ўключэнне тэхналагічнай каляіны, кантраляваць узровень насення і ўгнаенняў у бункеры. Акрамя гэтага, завод прапануе зчэпку СС-12 – гэта паўнапрычапная камбінацыя, якая складае агрэгат з трох вышэйзгаданых сеялак, агульная шырыня захопу атрымліваецца 12 метраў. Усе ўкаранёныя тут новаўвядзенні дазваляюць істотна эканоміць паліва і мінеральныя ўгнаенні.
– Новая распрацоўка мотаррамонтнага завода дае магчымасць не толькі сеяць, але і адначасова лакальна ўносіць фосфарныя ўгнаенні, таму яна вельмі перспектыўная. Гэта імпартазамяшчальны праект, такога ніхто не робіць на тэрыторыі СНД. 80% камплектуючых – айчыннай вытворчасці, – адзначыў старшыня камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама Сяргей Догель. – Першыя вырабы ўжо прыступілі да працы, на палях Віцебшчыны выкарыстоўваюць 15 новых сеялак. Важна і тое, што завод атрымаў сертыфікат якасці Мытнага саюза, гэта адкрывае экспартныя перспектывы.
Акрамя таго, на выставе была прадстаўлена яшчэ адна наша распрацоўка – універсальны энергетычны сродак «Дзвіна» Верхнядзвінскага райаграсэрвісу. Тэхніка на шынах-абалонках звышнізкага ціску прызначана для комплексу сельскагаспадарчых работ, адрозніваецца мабільнасцю і шматфункцыянальнасцю. Вытворцы прапануюць укамплектаваць іх разбрасывальнікам мінеральных угнаенняў і штангавым апырсквальнікам, бартавым камп'ютарам і навігатарам. На сённяшні дзень ужо рэалізавана 150 такіх машын, «Дзвіна» дапамагае аграрнаму сектару не толькі вобласці, але і ўсёй краіны.
На здароўе!
Беларуская, у тым ліку і прыдзвінская, малочная прадукцыя не мае патрэбы ў прадстаўленні, усім вядома, што яна адрозніваецца дзвюма найважнейшымі перавагамі – натуральнасцю і якасцю. Удзельнікі «Белагра» змаглі пераканацца ў гэтым, паспрабаваўшы прадукцыю ААТ «Малако» (г.Віцебск), Пастаўскага малочнага завода, Лепельскага малочнакансервавага, Аршанскага малочнага камбіната і іншых. Сёння ўсё больш становіцца прыхільнікаў здаровага харчавання, і, вядома, вытворцы сочаць за патрэбамі пакупнікоў і ідуць у нагу з часам, што і прадэманстравалі прадпрыемствы Віцебшчыны. Да прыкладу, Аршанскі малочны камбінат асвоіў выпуск новых прадуктаў, узбагачаных вітамінамі і мікраэлементамі. Гэта ацыдафілін – кісламалочны прадукт, які лёгка засвойваецца, рэгулярнае ўжыванне якога спрыяе ўмацаванню арганізма, паляпшае маторыку кішэчніка і абменныя працэсы, а таксама варэнец, які нармалізуе страваванне, павышае імунітэт і спрыяе правільнай працы нырак.
Моду на здаровае харчаванне падтрымалі і прадпрыемствы мясаперапрацоўкі, звярнуўшы ўвагу на дыетычнае, узбагачанае вітамінамі і мінераламі мяса індычкі. У прыватнасці, ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» на выставе прадставіла астуджаную прадукцыю з індычкі, а Віцебская бройлерная птушкафабрыка «Ганна» і Аршанскі мясакансервавы камбінат – лінейку гатовай прадукцыі: вараныя, сыравараныя каўбасы, сардэлькі і сасіскі пад гандлёвымі маркамі «ІндзюкоўЪ» і «INDYUSHA» адпаведна.
– Гэтая інавацыйная прадукцыя выклікала асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выставы. Ніхто ў рэспубліцы не займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай індычкі, а нашы прадпрыемствы не толькі распрацавалі запатрабаваную сёння прадукцыю, але і пайшлі па шляху ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, гэта значыць мяса індычкі ад «Птушкафабрыкі Гарадок» паступае на «Ганну» і Аршанскі мясакансервавы камбінат для наступнай перапрацоўкі, – расказаў Сяргей Догель. – І тое, што цікавяцца і проста наведвальнікі, і гандлёвыя сеткі, прадстаўленыя на выставе, кажа пра тое, што мы пайшлі правільным шляхам.
Як і з вытворчасцю натуральных сокаў у тэтра-паках на Талачынскім кансервавым заводзе (імпартазамяшчальны праект), якія з задавальненнем спрабавалі госці «Белагра». Немагчыма было прайсці міма разнастайных прысмакаў ад кандытарскага камбіната «Віцьба». Свае вырабы прэзентавалі таксама Полацкі і Аршанскі камбінаты хлебапрадуктаў. Сярод гандлёвых сетак было прадстаўлена ТАА «Гандлёвы дом «Орыс» Аршанскай інтэграванай структуры, створанай на базе 11 прадпрыемстваў рэгіёна. Аб'яднанне гандлёвых аб'ектаў стала першым этапам стварэння аграпрамысловага холдынгу, і ўжо сёння назіраецца станоўчы вынік прынятага рашэння. Гандлёвая сетка, якая прадстаўляе інтарэсы мяса-малочных прадпрыемстваў аршанскага рэгіёна, упэўнена заваёўвае пазіцыі на рынку, укараняючы сучасныя экалагічныя тэхналогіі, каб прадукцыя аграрнага сектара дайшла да спажыўца ў найсвежайшым выглядзе.
– У нас шмат таленавітых людзей, канструктараў, інжынераў, тэхнолагаў. Нашы прадпрыемствы мадэрнізаваны і добра аснашчаны. У сукупнасці гэта дазваляе распрацоўваць і ўкараняць у вытворчасць інавацыі, а значыць, і канкураваць на рынку, – падкрэсліў Сяргей Догель.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці", фота Ганны Навумавай, Дзмітрыя Восіпава.