Новае кафэ "101 км" адкрылася на трасе Віцебск-Мінск

Новое кафе "101 km" открылось на трассе Витебск-Минск

На трасе М3 Віцебск - Мінск на базе шматфункцыянальнай АЗС-18 з'явіўся абноўлены, суперсучасны аб'ект прыдарожнага сэрвісу - кафэ "101 km", размешчанае недалёка ад Бегамля.

Тут стомленага падарожніка прыцягне ўсё, пачынаючы ад стыльнага знешняга і ўнутранага дызайну будынка з летняй тэрасай, падлогамі з падагрэвам і з рэжымам кандыцыянаванага праветрывання да магчымасці, напрыклад, уласнаручна зварыць каву. Прасторныя і стыльныя санітарныя пакоі з сучасным сантэхнічным абсталяваннем. Імпартная "начынка" на кухні (тэхналогія дыктавала дызайнерскія рашэнні).

Меню з нацыянальнымі стравамі - мачанкай, дранікамі, бульбянымі аладкамі з начынкай, поліўкай, каўбаскамі - задаволіць густы самых патрабавальных гурманаў. Акрамя ссобаек у дарогу, кваліфікаваныя работнікі кафэ прапануюць паўнавартасна, смачна і, заўважым, недарагі паесці.

Днямі адбылося ўрачыстае адкрыццё кафэ, на якое сабраліся заказчыкі, будаўнікі, старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. Дырэктар РУП "Віцебскаблнефцепрадукт" Сяргей Старавойтаў не хаваў задавальнення.

- Літаральна за тры месяцы будаўнічая арганізацыя "Стройсфера" правяла рэканструкцыю былога старога кафэ і гасцініцы, якая не прыносіла прыбытку, у зусім новы і прывабны аб'ект, - сказаў на адкрыцці Сяргей Іванавіч. - Гэта важна яшчэ і таму, што кіраўнік вобласці Аляксандр Мікалаевіч Косінец надае развіццю прыдарожнага сэрвісу асаблівую ўвагу.

Толькі на абнаўленне гэтага кафэ (а ўсяго пры нашых АЗС працуюць 11 кафэ і кафетэрыяў) мы затрацілі 11 мільярдаў рублёў. У бягучым годзе прадугледжваецца асвоіць у выглядзе інвестыцый 120 мільярдаў уласных грошай. У ліку буйных аб'ектаў — праектаванне і рэканструкцыя нафтабазы ў Круляўшчызне, каб транспартаваць паліва з ААТ "Нафтан" па трубаправодзе, АЗС паміж Полацкам і Наваполацкам, на вуліцы 14-я Полацкая ў Віцебску, рэканструкцыя АЗС у Варонах і іншыя.

Старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук выказаў надзею, што кафэ "101 km" стане самым прывабным аб'ектам прыдарожнага сэрвісу не толькі на трасе М-3, але і ў рэспубліцы. Новае кафэ - гэта дадатковыя працоўныя месцы, папаўненне раённага бюджэту ў выглядзе падаткаў, прадастаўленне платных паслуг насельніцтву, зручнасці для дальнабойшчыкаў і іншых падарожнікаў.

Алена Башун, "Віцьбічы"