Новы кірунак у вытворчасці асвойвае віцебскае ТАА «Лэдзі Гранд»
Прадпрыемства, спецыялізуецца на пошывекорсетных вырабаў, верхняга і бялізнавага трыкатажу вядомых беларускіх брэндаў, са жніўня мінулага года стала выпускаць і верхняе жаночае адзенне.
— Нашы мадэльеры і канструктары распрацавалі асартымент вырабаў бізнес-стылю, —расказала дырэктар прадпрыемства Людміла Дубінец. — Сукенкі, касцюмы, блузкі дзякуючы сучаснаму крою сядзяць на постаці як улітыя, іх адрознівае разнастайная каляровая гама. Паколькі на парозе вясна і лета, мы падрыхтавалі калекцыю і да гэтага сезону. А наогул, раз на месяц дадаем новую мадэль, раз на квартал мяняем увесь асартымент выпускаемай прадукцыі. Не хвалячыся, магу сказаць, што за ёй выбудоўваецца чарга. Купляюць гандлёвыя прадпрыемствы ўсіх рэгіёнаў Беларусі, Мінска. У Віцебску — гандлёвыя аб'екты ў «Грыне», «Кароне», «Беларусі». Працуем з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і запрашаем іх да больш актыўнага супрацоўніцтва. Трэба весці гандаль, а не сядзець дома, тым больш, што ў беларускіх вытворцаў ёсць што прапанаваць нават самаму выбаргліваму пакупніку. Наша прадпрыемства загружана, не прастойвае, аднак мы разумеем, што толькі дыверсіфікацыя вытворчасці, асваенне новых напрамкаў дапамогуць захаваць калектыў у няпростых эканамічных умовах.
Ларыса ВОЛКАВА, «Віцьбічы».