Новы інтэрнат для будучых медыкаў адкрылі ў Віцебску

Новое общежитие для будущих медиков открыли в Витебске
Новы навучальны год у Віцебскім дзяржмедуніверсітэце пачаўся са знакавай падзеі – 1 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё студэнцкага інтэрната №7 на праспекце Фрунзе.

Дадзены аб'ект вельмі актуальны для ўніверсітэта, паколькі дапамагае вырашыць важную праблему, якая захоўвалася гадамі, – больш за тысячу студэнтаў былі ў чарзе на месца ў інтэрнаце. Пра гэта паведаміў рэктар ВДМУ Анатоль Шчасны у дзень адкрыцця аб'екта.

Рэктар ВДМУ з ганаровымі гасцямі ў дзень адкрыцця

Вырашаць назраеўшае пытанне ВНУ пачаў самастойна: з ініцыятывай будаўніцтва жылога комплексу за ўласныя сродкі выступіла адміністрацыя ўстановы, яе падтрымаў савет універсітэта.

На ўзвядзенне і абсталяванне першага будынка комплексу было выдаткавана 102 млрд. недэнамінаваных рублёў, другое абыдзецца прыблізна ў такую ж суму, прычым большая частка – гэта ўласныя сродкі ВНУ, заробленыя за кошт пазабюджэтнай дзейнасці. Не падводзіць у аператыўнасці і якасці будаўнічых работ генпадрадчык – ААТ «Жылбуд», які прыступіў да справы ў мінулым годзе і ўклаўся ў дастаткова сціслыя тэрміны.

Дырэктар ААТ "Жылбуд" Аляксандр Літвінаў уручае сімвалічны ключ ад новабудоўлі адной са студэнтак

Таксама Анатоль Тадэушавіч выказаў велізарную падзяку за падтрымку упраўленню аховы здароўя аблвыканкама і Міністэрству аховы здароўя, у тым ліку за ўключэнне праекта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму.

У выніку да новага навучальнага года запаветнае жыллё атрымалі 525 беларускіх і замежных студэнтаў. Практычна столькі ж засяляць у аналагічны інтэрнат №8, які дабудоўваецца паблізу. Чакаецца, што ён будзе здадзены пад ключ ужо ў снежні-студзені. Увесь комплекс разлічаны на 1 040 месцаў.

– Гэта складаны для нас праект, але ўпэўнены, мы прынялі прынцыпова важнае і адказнае рашэнне, – кажа Анатоль Шчасны. Яго думку падтрымаў намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, які прыняў удзел у пераразанні чырвонай стужкі ля ўваходу ў новы будынак. «Тое, што ўніверсітэт практычна сам пабудаваў для сябе інтэрнат – добрае пачынанне і прыклад іншым ВНУ», – адзначыў ён.

Намміністра Ігар Ласіцкі прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці  

На кожным этапе будаўніцтва ўніверсітэт праявіў гаспадарскі падыход.

– Мы стараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для нашых студэнтаў і ўлічваць патрабаванні сучаснага побыту, – падкрэсліў рэктар.

 

Нагляднае пацвярджэнне яго слоў – на кожным квадратным метры новабудоўлі.   Інтэрнат пабудаваны па блочным тыпе, у кожным блоку маюцца ўласная абуладкаваная кухня, светлыя і прасторныя пакоі на 2-3 месцы, санузел.

Сярод навасёлаў - студэнткі Аляксандра Канстанцінава і Вікторыя Пімачкіна

У будынку працуе Wi-Fi, што для сучаснай моладзі неад'емная ўмова побыту. Абарудваны трэнажорная і фітнес-зала, некалькі пакояў адпачынку і самападрыхтоўкі да заняткаў, памяшканні для мыцця і сушкі бялізны. Прадугледжаны гасцявыя пакоі – для бацькоў, якія прыехалі наведаць сваіх дзяцей здалёк.

Сярод іншых навасёлаў ужо паспела ацаніць камфорт новага дома студэнтка лячэбнага факультэта Маргарыта Сіманькова, якая прыехала па дыплом у Віцебск з Магілёўскай вобласці і вымушаная раней здымаць кватэру на дваіх з сяброўкай. Цяпер у яе ёсць прасторны пакой з новай суседкай, і, што вельмі важна для Маргарыты, трэнажорная зала.

Маргарыта з інструктарам спартыўнага клуба Дзмітрыем Прахарэнка  

Ва ўніверсітэце дзяўчына сур'ёзна захапілася армрэстлінгам, нават атрымала першы разрад і стала кандыдатам у майстры спорту. Калі раней даводзілася ездзіць у трэнажорныя залы іншых інтэрнатаў ВНУ, то цяпер дастаткова проста спусціцца на ліфце на ніжні паверх. А займаецца яна кожны дзень. І такіх спартсменаў сярод жыхароў «сямёркі» нямала, у чым можна было пераканацца, зазірнуўшы ў трэнажорную залу ў дзень адкрыцця.

   

Новы інтэрнат – падарунак не толькі для студэнтаў, лічыць прарэктар па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Вольга Сырадоева, але і ў пэўным сэнсе для горада, паколькі прадаставіў шэраг вакансій. Сёння штат супрацоўнікаў, якія будуць займацца выхаваўчай, арганізацыйнай, інфармацыйнай, спартыўнай і культурна-масавай работай, цалкам укамплектаваны. Акрамя таго, што сучасная студэнцкая вышытка стала ўпрыгожаннем аднаго з цэнтральных праспектаў Віцебска.

Наталля Рыжкова. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.  "Віцебскія весці".