Новы анлайн-графік цягнікоў запусцілі ў Байнеце

24 ліпеня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Беларуская чыгунка і кампанія "Яндэкс" запусцілі ў Байнеце расклад цягнікоў, якія курсіруюць па Беларусі. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА менеджэр па ўзаемадзеянні з замежнымі СМІ расійскай IT-кампаніі Уладзімір Ісаеў. З дапамогай сэрвісу можна знайсці прыдатную электрычку або дызель, а таксама выбраць зручны для паездкі час. Напрыклад, дзякуючы дадатку не складае цяжкасцей высветліць, як можна дабрацца з Мінска ў Маладзечна або з Оршы ў Барысаў. Таксама новы сэрвіс дазваляе даведацца, якія цягнікі ідуць да патрэбнай прамежкавай станцыі, пакажуць час іх адпраўлення і прыбыцця. Акрамя таго, у дадатку можна даведацца расклад цягнікоў далёкага злучэння або авіярэйсаў, а таксама ўбачыць табло Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Даныя абнаўляюцца пастаянна, таму расклад застаецца актуальным. Атрымаць доступ да дадатку можна з дапамогай камп'ютара і смартфона, які працуе пад кіраваннем аперацыйнай сістэмы iOS або Android. Дадаткам таксама можна карыстацца без падключэння да Інтэрнэту. Дарэчы, гэта не першы расклад беларускіх электрычак, даступны беларускім карыстальнікам. Аналагічны сэрвіс ужо дзейнічае на афіцыйным сайце Беларускай чыгункі. З яго дапамогай можна даведацца расклад не толькі прыгарадных электрычак, але і пасажырскіх цягнікоў міжнародных зносін.-0-