Новае прачытанне паэмы «Сымон-музыка» прапанаваў тэатр Якуба Коласа ў Віцебску

Новое прочтение поэмы «Сымон-музыка» предложил театр Якуба Коласа в Витебске
Жанр спектакля «Сымон-музыка» яго пастаноўшчык і мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Міхаіл Краснобаеў вызначылі як «мелодыя разарванай струны». Прэм’еру сцэнічнай версіі пранікнёнай паэмы Янкі Купалы прымеркавалі да дня нараджэння тэатра і 100-годдзя выдання першай рэдакцыі твора.

Творы беларускага класіка ў тэатры, што носіць яго імя, з’яўляюцца нячаста. Апошняя прэм’ера па паэме Янкі Купалы «Новая зямля» была ў 2001 годзе, хоць перыядычна вядуцца размовы пра тое, каб візітнай карткай коласаўцаў стаў спектакль па творы народнага паэта.

Аднойчы так і было. Некалькі сезонаў адкрываў «Сымон-музыка», пастаўлены ў 1976 годзе да 50-годдзя тэатра тагачасным мастацкім кіраўніком Валерыем Мазынскім. За гэты спектакль рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі Сяргей Шульга былі ўдастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Потым пару гадоў Сымона гуляў Міхаіл Краснобаеў, а гады праз, стаўшы рэжысёрам, марыў вярнуць на сцэну коласаўскую паэму.

Напярэдадні прэм’еры пастаноўшчык прызнаваўся, што некалькі разоў падступаўся да гэтага твора, але не мог знайсці ход. І нарэшце знайшоў яго, прачытаўшы першую рэдакцыю паэмы, якую затым аўтар майстэрску перарабіў, але пры гэтым было страчана нейкае першародства і аголены трагізм.

У варыянце, напісаным у першыя паслярэвалюцыйныя гады, фінал больш драматычны – герой апускаецца ў летаргічны сон на могілках, дзе пахавана яго каханая, з надзеяй, што калі-небудзь будзе абуджэнне.

У больш позніх версіях, калі пачаўся працэс беларусізацыі, які дазволіў паэту паверыць у адраджэнне роднага краю, мовы, пабудову незалежнай Беларусі, аўтар разбудзіў Сымона, які сваёй чароўнай ігрой на скрыпцы вярнуў да жыцця і Ганну – жывое ўвасабленне Беларусі.

Міхаіл Краснобаеў прапанаваў яшчэ больш трагічны, чым першы коласаўскі, фінал. Ён, па словах рэжысёра, навеяны жорсткімі рэаліямі сучаснага жыцця, у якім правіць прагматызм, і чалавек з тонкай адкрытай душой не можа знайсці сваё месца ў грамадстве. Яго сэрца разрываецца, як струны паламанае бяздушнымі людзьмі скрыпкі.

Няма сэнсу пераказваць сюжэт пастаноўкі. Ён умоўны. Акцэнт зроблены на ўнутраныя калізіі, якія перажывае галоўны герой, які пераадольвае выпрабаванні, што выпалі на яго долю.

Рэжысёр прапануе прачытаць паэму сучаснаму маладому чалавеку і самому зрабіць свой выбар. Гэтая ўмоўнасць і сімвалізм падтрыманы ў мастацкім вобразе спектакля, які стварыла галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка. Цэнтральнае месца на сцэне займае вялікае кола, яно ператвараецца ў гадзіннікавы механізм, у стол у карчме, у люстру ў княскім замку, навісае, абрушваецца як бяда, коціцца, імітуючы бег часу, упіраецца і разгортваецца адваротным бокам.

Мінімалізм дэкарацыі і касцюмаў, у якіх толькі абазначаны знакі эпохі, дапаўняе відэакантэнт. На вялікім экране, усталяваным на задніку сцэны, з'яўляюцца рукапісныя радкі паэмы, якія служаць пэўным падтэкстам для дзеяння.

Праўда, часам карцінка прамалінейна ілюстратыўная. Калі гаворка ідзе пра тое, што Сымон аказаўся дрэнным пастухом, на экране з'яўляецца воўк, які напаў на авечак. Такія відэападказкі для сімвалічнай пастаноўкі залішнія.

У пастаноўцы Міхаіла Краснобаева Сымон шмат спявае. Спектакль атрымаўся музычным, але пераходы ад паэтычнага апавядання да песень часам выглядаюць груба. Можа, таму, што ў тэатры дрэнная апаратура? Перапады гуку не даюць засяродзіцца на тэксце, які ў дадзенай пастаноўцы вельмі важны.

Цікава, што музыку да спектакля напісаў сын Міхаіла Краснабаева Арцём, які нарадзіўся ў той час, калі бацька на сцэне граў «Сымона-музыку».

Так што гэта твор Якуба Коласа для абодвух знакавы. Як і для народнага артыста Беларусі Тадэвуша Какштыса, занятага ў свой час у пастаноўцы Валерыя Мазынскага, а ў цяперашняй выконваючага адразу чатыры ролі: Старога, Курылы, Жабрака і дзеда Данілы. Акрамя таго, ён увасабляе вобраз самога Сымона ў старасці, які вядзе па сваёй долі новага маладога героя, згулянага Дзмітрыем Каваленкам.

Артисту пакуль не хапае сцэнічнага досведу, але ёсць вялікае жаданне авалодаць эмацыйнасцю і глыбінёй сэнсу коласаўскага слова.

Нялёгкая задача стаяла перад Анастасіяй Рэйванчанка-Лук'янавай – сумясціць у ролі вобразы каханай і Беларусі. Таму, магчыма, яе словы гучаць некалькі адцягнута і, на жаль, бясчула. Але гэта справа выпраўляльная, і з часам выканаўцы набяруць майстэрства. А патэнцыял для гэтага ёсць.

Цяжка прадугадваць, якая доля чакае «Сымона-музыку» на коласаўскай сцэне. На прэм'еры спектакль сустрэлі добра, пры аншлагу. Але, на жаль, гледачоў, якія ходзяць у тэатр не забавіцца, а падумаць, дакрануцца душой да высокага слова класікі, сёння няшмат. І пра гэта таксама плача разарваная струна.

"Віцебскія весці".