Новы будынак памежнага паста "Відзы" адкрыецца ў кастрычніку

Афіцыйнае адкрыццё новага будынка памежнага паста "Відзы", сумяшчальнага з аддзяленнем памежнага кантролю "Відзы" (Браслаўскі раён Віцебскай вобласці), адбудзецца 4 кастрычніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага памежнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебка.

На тэрыторыі памежнага паста пабудаваны адміністрацыйны будынак, боксы для службовай тэхнікі, кацельня на мясцовых відах паліва, дзве артэзіянскія свідравіны, пункт тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тэхнікі, пітомнік для службовых жывёл, склад для захоўвання паліва, дызель-генератар. Будаўніцтва ажыццяўлялася ў рамках узмацнення мяжы Саюзнай дзяржавы і рэалізацыі Канцэпцыі развіцця органаў памежнай службы Рэспублікі Беларусь на 2008-2017 гады. Фінансаванне з бюджэту Саюзнай дзяржавы склала Br12,6 млрд., сказаў Дзяніс Глебок, дадаўшы, што аналагічны пост быў уведзены ў эксплуатацыю ў мінулым годзе ў пасёлку Урбаны.

Работы па інжынерным абсталяванні мяжы працягваюцца. Так, да канца гэтага года плануецца завяршыць рэканструкцыю аўтадарожнага пункта пропуску "Грыгораўшчына" (Верхнядзвінскі раён), якая вядзецца ў рамках Комплекснай праграмы развіцця інфраструктуры аўтадарожных пунктаў пропуску на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Галоўным вынікам гэтай работы стане павелічэнне прапускной здольнасці дадзенага пункта пропуску з 270 у цяперашні час да 1 тыс. аўтамабіляў у суткі, з іх - 400 грузавых, 580 легкавых машын і 20 аўтобусаў. Адпаведна, зменшыцца і час перасячэння мяжы.

Вольга Багачова