Новы будынак пракуратуры адкрыўся ў Ліёзне

Новое здание прокуратуры открылось в Лиозно

— Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, кіраўніцтва краіны шукае сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы органаў пракуратуры. З'яўленне гэтага аб'екта — яскравы таму прыклад, — расказаў прысутны на мерапрыемстве генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк. — Праца займае значнае месца ў жыцці чалавека, і ўмовы працы адыгрываюць немалаважную ролю ў прадукцыйнасці, а для пракурораў асабліва: ім даводзіцца знаходзіцца на службе па 12 і больш гадзін. Таму я ўпэўнены, што зараз на Лёзненшчыне, як і ў Беларусі ў цэлым, ёсць усё неабходнае, каб пракурор мог забяспечваць трыумф закона.

Акрамя Аляксандра Уладзіміравіча, у цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, прадстаўнікі райвыканкама, абласной пракуратуры і сумежных ведамстваў. — Па выніках года можна адзначыць, што Віцебшчына дынамічна развівалася ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Вялікая ўвага надаецца працы праваахоўных органаў, з якімі мы цесна ўзаемадзейнічаем. Да прыкладу, пракуратура нам падказвае, дзе маюцца недапрацоўкі ў сферы абароны правоў і інтарэсаў грамадзян, — паведаміў Аляксандр Ягоравіч. — Таму гэтая падзея важная не толькі для Лёзненшчыны, але і для вобласці і ўсёй Беларусі ў цэлым. З'яўленне сучаснага памяшкання ў цэнтры гарпасёлка стала магчымым дзякуючы Дзяржаўнай праграме будаўніцтва і рэканструкцыі будынкаў органаў пракуратуры на 2011-2015 гады і абышлося ў суму каля 4 млрд руб. Спецыялісты ТАА «СК «Румстрой» ўзвялі аб'ект за паўгода. Там ёсць усё для плённай працы дзяржслужачых, кабінеты аснашчаны найноўшай камп'ютарнай тэхнікай, адведзены плошчы для захоўвання дакументаў. Камфортна будуць адчуваць сябе і наведвальнікі, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх прадугледжаны пандус і асобны туалет.

Новая будыніна, якая стала сапраўднай прыгажуняй Ліёзна, знаходзіцца на вуліцы Леніна, насупраць раённага суда. Не будзе старэць і ранейшае месца прапіскі пракурорскіх работнікаў — яго зойме Дзяржаўтаінспекцыя.

Алег Шведаў, "Віцебскія весці"