Навагодні клуб на колах з'явіцца ў Полацкім раёне

Мабільны навагодні клуб на колах будзе курсіраваць у святочныя дні па Полацкаму раёну з канцэртна-забаўляльнай праграмай, паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.

Мабільны навагодні клуб на колах будзе курсіраваць у святочныя дні па Полацкаму раёну з канцэртна-забаўляльнай праграмай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Полацкім райвыканкаме.

Незвычайны аўтобус пабывае ў шасці мікрараёнах Полацка, работнікі мабільнага клуба правядуць святочныя мерапрыемствы і павіншуюць гараджан з надыходзячым Новым годам. "Распрацаваны спецыяльныя маршруты, але паралельна ідзе і фарміраванне папярэдніх заявак. У выхадныя дні навагодні клуб можа з'явіцца ў любой частцы горада", - растлумачылі ў райвыканкаме. А ў пачатку 2015 года казачны аўтобус будзе курсіраваць па раёне.

Канцэртна-забаўляльная праграма ўключае радыёгазету "У Новы год хачу я пажадаць…", свята народнага календара "Калі запальваюцца зоркі", абрад "Калядныя варажбы", навагоднія забавы Дзядулі Мароза і Снягуркі, гульнявую праграму "Калі прыходзяць цуды", тэатралізаваныя прадстаўленні, музычны гараскоп, навагоднія тэлеграмы, конкурсы "Дэфільэ з камы", "Бег у мяшках", "Лепшая прыпеўка", эстафеты і інш.

Акрамя таго, жыхароў раёна чакаюць падарункі, пачастункі і добры настрой. Дзяцей будуць забаўляць Дзядуля Мароз і Снягурка, іншыя казачныя персанажы.

Работнікамі мабільнага клуба стануць супрацоўнікі бібліятэк, дзіцячай школы мастацтваў, парку культуры і адпачынку. "Праект закліканы прыцягнуць насельніцтва да самабытнай народнай культуры, арганізаваць актыўны і здаровы вольны час, умацаваць сувязі паміж пакаленнямі, накіраваны на адраджэнне народных традыцый, абрадаў і звычаяў навагодніх і калядных святаў", - адзначылі ў выканкаме.

Алена Ціханава