Навагрудак і Ашмяны могуць далучыцца да Пакту мэраў
10 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Навагрудак і Ашмяны могуць далучыцца да Пакта мэраў. Зацікаўленасць у гэтым гарады выказалі на міжнароднай канферэнцыі "Ад энергазберагальнага дома – да энергаэфектыўнага горада!", якая завяршылася ў Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар праекта "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства – на шляху да Пакта мэраў" Іван Шчадрэнок.
Магчымасць удзелу ў еўрапейскай ініцыятыве Навагрудак і Ашмяны вывучаюць на прыкладзе вопыту Полацка. Ён першым з беларускіх гарадоў далучыўся да Пакта мэраў і ўзяў на сябе абавязацельствы дамагчыся да 2020 года скарачэння выкідаў вуглякіслага газу не менш чым на 20%, павялічыць долю выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і павысіць энергаэфектыўнасць на 20%.
Полацк падзяліўся на канферэнцыі вопытам па падрыхтоўцы да ўступлення ў Пакт мэраў і распрацоўцы Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця. Акрамя таго, удзельнікі абмеркавалі перспектывы ўдзелу гарадоў Беларусі і рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ЕІДП) у Пакце мэраў, а таксама магчымасці супрацоўніцтва ў галіне энергазберажэння.
У канферэнцыі, якая стала завяршальным мерапрыемствам праекта Еўрапейскага саюза SURE у Беларусі, прынялі ўдзел прадстаўнікі гарадоў з Беларусі, Германіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Грузіі.
Праект "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства – на шляху да Пакта мэраў" рэалізоўваўся ў рамках праграмы ЕС CIUDAD. Праект быў разлічаны на 30 месяцаў, а яго бюджэт складаў каля 790 тыс. еўра. Праект спрыяў устойліваму развіццю энергетыкі ў двух гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ЕІДП) – Полацку (Беларусь) і Сале (Марока) – шляхам іх далучэння да Пакта мэраў і прыняцця на сябе абавязацельстваў па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Мэта стратэгіі – скарачэнне выкідаў СО2 на 20%, павелічэнне долі выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і змяншэнне энергаспажывання на 20% да 2020 года. Партнёрамі праекта з'яўляліся адміністрацыя горада Фрыдрыхсхафен, адміністрацыя горада Мурсія, Полацкі гарвыканкам, адміністрацыя горада Сале і Міжземнаморская камісія Канферэнцыі марскіх перыферыйных рэгіёнаў (Францыя).
Полацк прыступіў да практычнай рэалізацыі стратэгіі "20-20-20". На цэнтральным праспекце замест састарэлых устаноўлены 75 энергазберагальных свяцільнікаў беларускай вытворчасці, якія дазволяць зэканоміць да 30% энергіі і пры гэтым не ўтрымліваюць шкодных ртуцьзмяшчальных рэчываў, вібраўстойлівыя, электра- і выбухабяспечныя. Замена асвятлення абышлася ў 42 тыс. еўра і з'явілася пілотным праектам зацверджанага Полацкім гарвыканкамам Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця, які распрацаваны ў рамках рэалізацыі праекта SURE. Да канца 2013 года ў Полацку плануюць таксама распрацаваць план устойлівай гарадской мабільнасці. Ён злучыць у адну сістэму веладарожкі, месцы парковак і развязкі, вызначыць зоны без руху аўтатранспарту з мэтай мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. -0-