Навалукомльскі "ВітЭн" другі год запар стаў чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе
11 мая, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Спартсмены навалукомльскай каманды "ВітЭн" другі год запар выйгралі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У паядынку 28-га тура ў гасцях у светлагорскага ЦКК лідары не пакінулі сапернікам ніякіх шанцаў на поспех, перамогшы з лікам 6:2. Такім чынам, падапечныя Віктара Тарчылы набралі 69 ачкоў і за два туры да фінішу 20-га чэмпіянату краіны сталі недасягальнымі для сваіх праследавацеляў.
На два астатнія камплекты ўзнагарод прэтэндуюць чатыры каманды - сталічны МАПІД, у якога 64 ачкі, гомельскі БТЭУ - 63 ачкі, і мінскія "Дарожнік" і БДУФК-"Манаракурс", якія набралі па 60 заліковых балаў. Становішча сталічных дружын больш пераважнае, бо ім засталося правесці па дзве гульні, а гамяльчане згуляюць усяго адзін матч. Прычым гэта адбудзецца 23 мая ў заключным туры, калі БТЭУ будзе прымаць на сваёй пляцоўцы МАПІД. Але да гэтага, 16 мая, домабудаўнікі ў сябе дома будуць прымаць аўтсайдэраў турніру футбалістаў "Нёмана" (Бярозаўка) і ў выпадку поспеху стануць уладальнікамі срэбра. Яшчэ два суіскальнікі ўзнагарод "Дарожнік" і БДУФК-"Манаракурс" згуляюць паміж сабой 17 мая.-0-